2014-01-09 12:02:58

Падыходзіць да завяршэння рэформа Легіянераў Хрыста


RealAudioMP3 Працэс рэфармавання супольнасці Легіянераў Хрыста падыйшоў да новага этапу. 8 студзеня 2014 г. у Рыме пачаўся капітул гэтай манскай кангрэгацыі, у якім прымаюць удзел прадстаўнікі з розных частак свету, а таксама папскі дэлегат, кардынал Веласіа Дэ Паоліс. Іерарх нагадаў у інтэрв’ю для Ватыканскага радыё, што капітул прысвечаны тром галоўным пытанням: “рахунку сумлення” з мінулага, аналізу пройдзенага шляху, а таксама прызначэнню новых настаяцеляў і перагляду канстытуцыі кангрэгацыі. Апошняму пункту, паводле кардынала Дэ Паоліса, надаваў вялікае значэнне яшчэ Бэнэдыкт XVI. Прычына гэтага ў тым, што старая канстытуцыя не была адрэдагавана паводле паслясаборных крытэрыяў: яе тэкст быў доўгім, цяжкім, недакладным, няясным.

Легіянеры Хрыста былі заснаваны ў Мексіцы ў 1941 г. кс. Марсьялем Масьелем. Некалькі гадоў таму былі высветлены сур’ёзныя амаральныя паводзіны заснавальніка, пасля чаго Бэнэдыкт XVI заклікаў да ачышчэння кангрэгацыі і прызначыў у сувязі з гэтым свайго спецыяльнага дэлегата.

Кардынал Дэ Паоліс адзначыў, што змена Пантыфіка не запаволіла працэсу абнаўлення супольнасці. Папа Францішак быў паіфармаваны пра сітуацыю і даў сваю згоду на правядзенне капітула. Менавіта яму будзе прадстаўлены новы тэкст канстытуцыі для канчатковага зацвярджэння, адзначыў пурпурат. Іншай важнай часткай капітула будзе абмеркаванне “спадчыны” кангрэгацыі – элементаў, якія яе характарызуюць і вылучаюць у духоўнай і касцёльнай рэчаіснасці.

Кардынал Дэ Паоліс нагадаў таксама, што, нягледзячы на асуджэнне амаральнай дзейнасці заснавальніка Легіянераў Хрыста, заўсёды існаваў давер да самой кангрэгацыі. Доказам гэтаму з’яўляецца праведзеная апостальская візітацыя і прызначэнне спецыяльнага папскага дэлегата з мэтай спрыяць абнаўленню супольнасці. Пурпурат нагадаў словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што сярод Легіянераў Хрыста “існуе вялікая колькасць дбайных святароў, якія знаходзяцца на шляху да святасці”.

Да Легіянераў Хрыста належыць сёння 900 святароў і 3000 семінарыстаў у 18 краінах свету. Апрача таго 70 тыс. свецкіх вернікаў уваходзяць у арганізацыю “Regnum Christi”, звязаную з кангрэгацыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.