2014-01-08 11:30:36

Хрост – не фармальнасць!


RealAudioMP3 Штодзённа жыць сакрамэнтам хросту, які з’яўляецца не фармальнасцю, а сапраўдным пагружэннем у смерць і ўваскрасенне Хрыста, заклікаў папа Францішак падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі 8 студзеня 2014 г. Пантыфік адзначыў, што пачынае новы цыкл катэхез, прысвечаных сямі сакрамэнтам. У першай з іх, Папа апавёў пра сакрамэнт хросту, які разам з Эўхарыстыяй і бежмаваннем, утварае так званую “хрысціянскую ініцыяцыю” – чыніць з нас жывыя знакі прысутнасці Бога і Яго любові. Між іншым, Пантыфік нагадаў, што ў нядзелю Касцёл будзе адзначаць свята Хросту Пана. Хрост, паводле Святога Айца, гэта сакрамэнт, на якім грунтуецца наша вера і які прышчэплівае нас як жывых членаў да Хрыста і Яго Касцёла. Але могуць узнікнуць пытанні: ці сапраўды хрост неабходны для таго, каб жыць па-хрысціянску і ісці за Езусам. Ці не з’яўляецца ён простым абрадам, фармальным касцёльным актам? На іх Папа адказаў словамі св. Паўла: “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці” (Рым 6,3-4). “Такім чынам, гэта не фармальнасць! Гэта акт, які тычыцца глыбіні нашага існавання. Ахрышчанае і неахрышчанае дзіця – гэта не тое самае. Ахрышчанае і неахрышчаная асоба – не тая самая. Мы, праз хрост пагружаемся ў гэту невычэрпную крыніцу жыцця і смерці Езуса, самы вялікі акт любові ва ўсёй гісторыі, і дзякуючы гэтай любові можам жыць абноўленым жыццём, больш прабываць не ў зле, граху і смерці, а ў адзінстве з Богам і братамі”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў жыць хростам штодзённа, як актуальнай жыццёвай рэальнасцю, нягледзячы на тое, што для многіх ён адбыўся ў далёкім дзяцінстве і ў памяці амаль не захавалася ўспамінаў пра гэту сакраментальную падзею. Акрамя таго, Папа даў вернікам “хатняе заданне”: даведацца пра дату ўласнага хроста і заўсёды памятаць пра яе, таму што гэта не меншае свята за Дзень нараджэння.

“Калі мы здольныя ісці за Езусам і заставацца ў Касцёле, нават з нашымі абмежаванасцямі і слабасцямі, так гэта менавіта дзякуючы сакрамэнту, праз які сталі новым стварэннем і пераапрануліся ў Хрыста. Гэта сілай хросту мы былі пазбаўлены першароднага граху, прышчэплены праз Езуса да Бога Айца, з’яўляемся носьбітамі новай надзеі (...), з’яўляемся здольнымі прабачаць і любіць нават тых, хто на нас нападае і чыніць нам зло, з’яўляемся здольнымі распазнаваць у апошніх і бедных аблічча Пана, які нас наведвае і становіцца блізкім”, - нагадаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што ніхто не можа ахрысціцца сам: заўсёды неабходны нехта, хто ўдзеліць сакрамэнт у імя Пана. “Хрост – гэта дар, які перадаецца ў кантэксце клопату і братэрскага дзялення. Заўсёды ў гісторыі нехта хрысціць іншага, (...) гэта ланцуг. Я не магу ахрысціцца сам, павінен папрасіць хросту ў іншага. Гэта акт братэрства, акт далучэння да Касцёла. У яго цэлебрацыі мы можам распазнасць самыя сапраўдныя ўказанні Касцёла, які як Маці працягвае нараджаць новых дзяцей у Хрысце, у плённасці Святога Духа”, - адзначыў Пантыфік.

Папа заклікаў прасіць Бога аб магчымасці штодзённа і глыбока адчуваць ласку, якую атрымалі падчас хросту. Менавіта яна дазволіць іншым сустракаць у нас сапраўдных дзяцей Божых, сапраўдных братоў і сясцёр у Хрысце, сапраўдных членаў Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.