2014-01-07 15:16:37

Патрыярх Барталамей І склікае сустрэчу ўсіх кіраўнікоў Праваслаўных Цэркваў


RealAudioMP3 Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І склікае на сакавік сустрэчу ўсіх кіраўнікоў Праваслаўных Цэркваў. Яе мэтай з’яўляецца абмен думкамі па працы падрыхтоўчага камітэта ўсеправаслаўнага сабора, запланаванага на 2015 г., якая спынілася па прычыне працэдурных пытанняў. Гаворка пойдзе таксама пра выклікі, якія ставіць перад праваслаўем эканамічна-глабалізаваны, але духоўна падзелены свет, з усімі негатыўнымі наступствамі гэтага для жыцця чалавека. Каментатары адзначаюць, што размова ідзе аб адыходзе ад закрыцця ў сабе, звязанага з лакальным менталітэтам, які характарызуе Праваслаўныя Цэрквы і з’яўляецца наступствам іх нацыянальнага характару.

Папярэдняя такая сустрэча кіраўнікоў Праваслаўных Цэркваў прайшла ў 2008 г. у Стамбуле.

Ідэя склікання ўсеправаслаўнага сабора паўстала паўстагоддзя таму. Былі вызначаны дзесяць тэм сабора, па якіх увесь гэты час вялася падрыхтоўка . Такі доўгі перыяд звязаны з неабходнасцю дасягнуць згоды паміж Цэрквамі. Зараз засталіся няўзгодненымі пазіцыі па двух тэмах: прадастаўленне аўтакефаліі (самастойнасці Царквы) і дыптыха (афіцыйнага парадку пералічэння Праваслаўных Цэркваў). За хуткае скліканне сабора раней выказваліся, у прыватнасці, прадстаўнікі Канстантынопальскай, Александрыйскай, Іерусалімскай, Кіпрскай, Антыяхійскай і Эладскай Праваслаўных Цэркваў.







All the contents on this site are copyrighted ©.