2014-01-06 10:35:06

"Хрысціянства і літаратура". Булгакаў (І)


RealAudioMP3 Сёння я прапаную звярнуць нашую ўвагу на вельмі папулярнага аўтара (асабліва ў савецкія часы) – Міхаіла Булгакава. Нарадзіўся Міхаіл Булгакаў у 1891 у Кіеве ў шматдзетнай сям'і доктара тэалогіі, выкладчыка Кіеўскай Духоўнай Акадэміі Булгакава Афанасія Іванавіча і яго жонкі Варвары Міхайлаўны. У 1907 г., калі Міхаіл мае 16 год, ён становіцца сведкам заўчасная смерць бацькі ад нефрасклероза – рэдкай хваробы нырак. Гэта смерць мела на яго моцны ўплыў. Менавіта з тых часоў ён пачынае пакутаваць ад начных страхаў, боязі адкрытай прасторы, ад думак аб доўгай і пакутлівай смерці.

Як заўсёды ў нашай праграме «Хрысціянства і Літаратура» я намагаюся адказаць на пытанне: ці пісьменнік, творчасць якога мы сёння разглядаем, быў сам веруючым чалавекам ці не? Продкі бацькоў Міхаіла Булгакава былі праваслаўнымі святарамі, таму сям'я чакала, што і іх першы сын таксама абярэ такую ж духоўную дарогу... Міхаіл аднак вырашыў стаць лекарам. Ён становіцца студэнтам медычнага факультэту, і напэўна пад уплывам студэнцкай атмасферы ды вучэння Дарвіна, робіцца скептыкам, а хутка (прыкладна ў 1911 г.) і ўвогуле адмаўляецца ад веры. Яго сястра так піша пра гэта ў сваім дзённіку: «у гэтым годзе Міша ні разу не пасціў».

1913 г. - Булгакаў ажаніўся на Таццяне Лаппа. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны (1914 г.) М. Булгакаў некалькі месяцаў працаваў лекарам у прыфрантавой зоне. Потым ён быў накіраваны на працу ў сяло Нікольскае Смаленскай губерні, пасля чаго працаваў лекарам у Вязьме.

З 1917, у сяле Нікольскае, Булгакаў стаў ужываць морфій, спачатку з мэтай палегчыць алергічныя рэакцыі на анцідыфтэрыйны прэпарат, які ён прыняў, баючыся дыфтэрыі пасля праведзенай аперацыі. Вельмі хутка ён узалежніўся і прыём морфію стаў рэгулярным. Гэта быў жахлівы перыяд для яго жонкі Таццяны. Яна двойчы рабіла аборты: адзін яшчэ да Вянчання, другі ўжо пад час залежнасці Булгакава ад морфія. Пасля гэтага яна ўжо не магла мець дзяцей. Акрамя гэтага яна шмат пакутвала ад наркаманскіх істэрык мужа. Як можам зразумець, у гэты перыяд свайго жыцця Міхаіл Булгакаў вядзе бязбожны лад жыцця.

У снежні 1917 года М. А. Булгакаў упершыню прыехаў у Маскву. Ён спыніўся ў дзядзькі, вядомага маскоўскага лекара-гінеколага Н. М. Пакроўскага, які стаў прататыпам прафесара Прэабражэнскага з аповесці «Сабачае сэрца».

Вясной 1918 М. А. Булгакаў вяртаецца ў Кіеў, дзе пачынае прыватную практыку як лекар-венеролаг. У гэты час М. Булгакаў перастае ўжываць морфій.

Рэвалюцыя ўцягнула Булгакава у варонку грамадзянскай вайны, дзе ён апынуўся на баку белых. З войскам Дзянікіна ён адступіў на Каўказ ды спрабаваў адплыць у Стамбул, але ў Батумі падхапіў тыф і ўрэшце рэшт ў 1921 годзе зноў апынуўся ў Маскве, у сталіцы пераможнага пралетарыяту. Вяртацца ў Кіеў было небяспечна, бо яго белагвардзейскае мінулае там было вядомае. Акрамя таго, быць лекарам ён ужо не хацеў, але хацеў стаць пісьменнікам і драматургам.

У чырвонай Маскве Булгакаў нібы апрытомнеў ад дурману скептыцызму ды вярнуўся да веры ў Бога. Гартаючы яго дзённікі, мы даведаемся, што больш за ўсё неафіта ў той час ўразіла атмасфера агрэсіўнага татальнага атэізму. Ён убачыў блазанскія працэсіі на Вялікдзень, дзе бязбожнікі неслі плакат "Марыя нарадзіла камсамольца", убачыў зачыненыя храмы, сарваныя крыжы, раскрыў часопіс "Бязбожнік", дзе прачытаў, што Хрыста ніколі не было, а была толькі нейкая падла, якая выдавала сябе за прарока.

Хочацца думаць, што гэты маштаб граху не толькі шакаваў Булгакава, але і змусіў да рэфлексіі. Напэўна ён зразумеў, што ў гэтым піру бязбожнасці ёсць кропля і яго віны, кропля яго асабістай здрады веры. Быць можа таму яго творчасць, як пісьменніка будзе скіравана на асэнсаванне і своеасаблівую палеміку з бязбожнай камуністычнай ідэалогіяй. Хоць магчыма ён рабіў гэта з-за прыроднай супярэчлівасці і свядомасці таго, што ён чалавек іншай, больш шляхетнай культуры чым пралетарыі.

Булгакаў на людзях паводзіць сябе дзёрзка: ён з'яўляўся ў тэатры і ў рэстаранах у буржуазным маноклі, у ідэальным фрачным касцюме з гальштукам-матылём! Тыповая персона з былых, белагвардзеец, не наш! На фоне тагачасных кепак і касаваротак яго выгляд быў правакацыйным. Аркестр у рэстаране звычайна пры яго з'яўленні гуляў жартаўлівы марш у гонар дзёрзкага франта.

У Маскве Булгакаў намагаецца ўвайсці ў літаратурны бамонд. Дзеля гэтага ён без вагання ахвяруе сваёй жонкай – вернай, але занадта простай жанчынай, дзеля таго, каб быць жонкай будучага знакамітага пісьменніка. Ён разводзіцца з ёй, каб у 1925 годзе ажаніцца на Любоўі Белазёрскай, акторке, якая напэўна больш падыходзіла для яго творчых планаў.

Як бачым, Міхаіл Булгакаў не быў вельмі прыемным чалавекам, аднак усё ж заўсёды меў свае цвёрдыя перакананні, якія выражаліся між іншым у тым, што ён не прымаў камуністычную, пралетарскую ідэалогію...

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.