2014-01-06 13:52:24

Папа: Бог кліча да сябе нават тых, хто ў Яго не верыць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Быць маленькімі зоркамі, якія адлюстроўваюць святло Бога, заклікаў папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 6 студзеня 2014 г., ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У сваёй кароткай прамове Пантыфік звярнуў увагу на існаванне падвоеннага руха: спрадвечнага імкнення Бога да людзей і людзей да Бога. Але Пан заўсёды апярэджвае чалавека, нават таго, хто ў яго не верыць, і першы пачынае яго шукаць і выходзіць на сустрач, лічыць Святы Айцец. “Cёння мы адзначаем урачыстасць Аб’яўленне Пана, - нагадаў Пантыфік. – Гэта свята звязана з біблійным апавяданнем пра прыход мудрацоў з Усходу у Бэтлеем для ўшанавання Караля Юдэяў: эпізод, які Бэнэдыкт XVI выдатна пракаментаваў у сваёй кнізе пра дзяцінства Езуса. Гэта было менавіта першае “аб’яўленне” Хрыста людзям. Таму ўрачыстасць Аб’яўленне Пана дэманструе паўсюдную даступнасць збаўлення прынесенага Езусам. Сённяшняя літургія абвяшчае: “Цябе паклоняцця, Пане, усе народы зямлі”, таму што Езус прыйшоў для ўсіх нас, для ўсіх народаў, для ўсіх!

У рэальнасці, гэта свята паказвае нам падвоенны рух: з аднаго боку – рух Бога да свету, да чалавецтва, усю гісторыю збаўлення, кульмінацыя якога наступае ў Езусе; а з іншага боку – рух людзей да Бога: падумаем пра рэлігіі, пошук праўды, шлях народаў да спакою, унутранага спакою, справядлівасці, свабоды. І гэты падвоенны рух натхняецца ўзаемным захапленнем. З боку Бога – што Яго прыцягвае? Гэта любоў да нас: мы Яго дзеці, Ён нас любіць, хоча вызваліць ад зла, хваробаў, смерці, прывесці ў свой дом, сваё Валадарства. “Бог, праз чыстую ласку, прываблівае нас, каб паяднасць з Сабой” (Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”).

І таксама з нашага боку ёсць любоў, жаданне: нас заўсёды прыцягвае дабро, нас прыцягвае праўда, жыццё, шчасце, нас прыцягвае прыгажосць... Езус гэта кропка сустрэчы гэтага ўзаменага захаплення і гэтага падвоеннага руху. Ёсць Бог і чалавек. Бог і чалавек. Але хто бярэ ініцыятыву! Заўсёды Бог! Божая любой заўсёды ідзе перш за нашу! Ён заўсёды бярэ ініцыятыву! Ён нас чакае, запрашае, ініцыятыва заўсёды Ягоная. Езус – гэта Бог, які стаў чалавекам, уцелавіўся, нарадзіўся для нас. Новая зорка, якая з’явілася мудрацам была знакам нараджэння Хрыста. Калі б не ўбачылі зоркі, гэтыя людзі б не вырушылі. Нас апярэджвае святло, нас апярэджвае праўда, нас апярэджвае прыгажосць. Нас апярэджвае Бог. Прарок Ісая казаў, што Бог, як мігдалавая кветка. Чаму? Таму што на зямлі мігдал першым квітнее. Бог заўсёды апярэджвае, заўсёды першы шукае, Ён робіць першы крок. Бог апярэджвае заўсёды. Яго ласка нас апярэджвае, і гэта ласка аб’явілася ў Езусе. Ён з’яўляецца аб’яўленнем. Ён, Езус Хрыстус, з’яўляецца аб’яўленнем любові Божай. Ён з намі.

Касцёл цалкам знаходзіцца ўнутры гэтага руху Бога да свету: яго радасць – гэта Евангелле, адлюстраванне святла Хрыстовага. Касцёл – гэта народ тых, хто адчувае гэта захапленне і носіць унутры, у сэрцы і жыцці. “Мне хацелася б, сапраўды мне хацелася б, сказаць тым, хто адчувае сябе далёка ад Бога і Касцёла, сказаць з павагай, сказаць тым, хто спалоханы ці абыякавы: Пан кліча таксама і цябе, кліча цябе стаць часткай Яго народу і робіць гэта з вялікай павагай і любоўю” (Апостальская адгартацыя “Evangelii Gaudium”, 3). Пан цябе кліча. Пан цябе чакае. Пан не здзейсняе празелітызму. Ён дае любоў і гэта любоў цябе шукае, чакае цябе, які зараз не верыш ці знаходзішся далёка. І гэта любоў Божая.

Папросім Бога для ўсяго Касцёла, папросім евангелізацыйнай радасці, таму што ён “пасланы Хрыстом абвяшчаць Божую любоў i прышчапляць яе ўсім людзям i народам” (“Аd gentes”, 10). Панна Марыя няхай дапаможа нам усім быць вучнямі-місіянерамі, маленькімі зоркамі, якія адлюстроўваюць Яго святло. Памолімся, каб сэрцы адкрываліся на прыняцце абвяшчэння і ўсе людзі сталі “саўдзельнікамі абяцання праз Евангелле” (Эф 3,6).

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў групы вернікаў прысутных на плошчы св. Пятра. Святы Айцец нагадаў, што Папская ініцыятыва “Святое дзяцінства” абвясціла ўрачыстасць Аб’яўлення Пана Місійным днём дзяцей. У сувязі з гэтым, Пантыфік заклікаў дзяцей і моладзь малітвай і дзейнасцю супрацоўнічаць з Касцёлам і аказваць дапамогу сваім аднагодкам.










All the contents on this site are copyrighted ©.