2014-01-05 14:54:37

Францішак: Божае Нараджэнне аб'яўляе любоў Бога да чалавецтва (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Бог салідарны з чалавекам і яго гісторыяй, сказаў папа Францішак ў разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў нядзелю 5 студзеня 2014 г. Святы Айцец таксама заявіў аб сваім апостальскім падарожжы ў Святую Зямлю, якое пройдзе 24-26 мая гэтага года. “Дарагія браты і сёстры, добры дзень, - прывітаў Папа вернікаў прысутных на плошчы св. Пятра. - Літургія сённяшняй нядзелі прапануе нам нанава, у прадмове да Евангелля паводле св. Яна, больш глыбокае значэнне Нараджэння Езуса. Ён з’яўляецца Словам Бога, якое сталася чалавекам і ўсталява свой “намёт”, свой дом сярод людзей. Евангеліст напісаў: “Слова сталася целам і пасялілася паміж намі” (Ян 1,14). У гэтых словах, якія ніколі не перастаюць захапляць нас, змяшчаецца ўвесь сэнс хрысціянства! Бог стаў смяротным, далікатным, так як і мы, падзяліў наш чалавечы стан, акрамя граху і ўвайшоў у нашу гісторыю і стаў поўнасцю Богам-з-намі! Такім чынам нараджэнне Езуса, паказвае нам, што Бог захацеў аб'яднацца з кожным мужчынай і жанчынай, з кожным з нас, каб перадаць нам сваё жыццё і сваю радасць.

Такім чынам Божае Нараджэнне аб'яўляе нам вялікую любоў Бога да чалавецтва. З гэтага вынікае таксама наш энтузіязм, наша надзея як хрысціян, якія ў сваёй беднасці ведаюць, што з'яўляюцца любімымі, якіх Бог наведвае і суправаджае. І мы глядзім на свет, на гісторыю, як на месца, у якім трэба крочыць разам ў Ім і паміж сабой да новых нябёсаў і новай зямлі. З нараджэннем Езуса не толькі нарадзіўся новы свет, але таксама свет, які заўсёды можа быць абноўлены. Бог заўсёды гатовы абуджаць новых людзей, ачышчаць свет ад граху, які толькі прычыняцца да яго старэння і сапсавання. Паколькі гісторыя чалавецтва і кожнага з нас можа быць пазначана цяжкасцямі і слабасцямі, то аднак вера ва Уцелаўленне кажа нам, што Бог салідарны з чалавекам і яго гісторыяй. Гэтая блізкасць Бога да чалавека, да кожнага чалавека, з'яўляецца дарам, які ніколі не канчаецца! Вось радаснае абвяшчэнне Божага Нараджэння: боскае святло, якое напоўніла сэрца Панны Марыі і святога Юзафа і кіравала шляхам пастухоў і каралёў, свеціць сёння таксама і для нас.

У таямніцы Уцелаўлення Божага Сына ёсць таксама аспект чалавечай свабоды, свабоды кожнага з нас. Бо Слова Божае разбівае свой намёт сярод нас грэшнікаў і тых, якія маюць патрэбу ў міласэрнасці. Мы ўсе павінны спяшацца, каб атрымаць ласку, якую Ён нам ахвяроўвае. За тое, як чытаем далей ў Евангеллі паводле Яна: “свае Яго не прынялі” (Ян 1, 11) Таксама і мы шмат разоў не прымаем Яго і жадаем заставаць у закрыцці нашых памылак і ў пакут нашых грахоў. Але Езус не здаецца і ніколі не перастае ахвяроўваць сябе самога і сваёй ласкі, якая нас збаўляе! Гэта з'яўляецца пасланнем збаўлення, якое старое, але заўсёды новае. І мы пакліканы з радасцю сведчыць пра гэтае пасланне Евангелля жыцця і святла, надзеі і любові.

На заканчэнне сваёй прамовы Францішак папрасіў у Панны Марыі, Маці Бога і нашай чуллівай Маці, каб заўсёды падтрымлівала нас, мы заставаліся вернымі хрысціянскаму пакліканню і маглі рэалізаваць жаданні справядлівасці і спакою, якія носім у сабе на пачатку гэтага новага года”.

Я.Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.