2014-01-05 14:09:32

Беларусь: у Мінску сабраліся хрысціянскія кінематаграфісты


RealAudioMP3 Мінск стаў цэнтрам духоўнага кіно. Сёння ў касцёле св. Сымона і св. Алены завяршыўся IX Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat”. У конкурсных праглядах другога дня былі прадстаўлены таксама і краіны-дэбютанты сёлетняга форума – Расія і Балгарыя. Усяго ж прыхільнікі фестывалю змаглі ўбачыць 17 стужак з 10 краін. А напярэданні, 4 студзеня 2014 г., фестываль, па традыцыі, урачыста адкрыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх пачаў з таго, што правядзенне гэтага кінафоруму было нейкі час пад пагрозай, але змаганнямі неабыякавых людзей ён усё ж адбыўся, хоць і з невялікім спазненнем. Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў, што ў кастрычніку 2012 г. ў Ватыкане адбыўся Сінод біскупаў, які вызначаў шляхі новай евангелізацыі. Адзін з такіх шляхоў – евангелізацыя праз найважнейшае з мастацтваў – у Беларусі існуе ўжо даўно. Прыемна і тое, адзначыў Мітрапаліт, што ўзровень “Magnificatа” узрастае з кожным годам.

“Усё больш з’яўляецца фільмаў сапраўды духоўных, фільмаў, якія нясуць евангелізацыю, Слова Божае ў гэты свет. Гэта нагадвае аб тым, што самі фільмы і тэлепраграмы (іх стваральнікі) евангелізуюцца. Гэта значыць, калі я чаго не маю, не магу даць і іншаму. Таму калі хтосьці хоча казаць аб духоўным, сам павінен быць такім. Потым як вынік з’яўляюцца і духоўныя фільмы. Гэта мы бачым і гэта мяне радуе”, - адзначыў іерарх.

“Папулярныя”, але разавыя, тэмы, якія вандруюць па еўрапейскіх каніфестывалях, забаўляльнасць, камерцыйнасць – гэта тое, што ні ў якім разе не ўласціва хрысціянскаму кіно. І “Magnificat” у гэтым сэнсе “трымае планку”. Рэжысёр Крыстаф Вольф з Германіі прадставіў на конкурс стужку аб Касцёле ў Зімбабве, які ідзе па цяжкаму шляху пераходу ад місійнага да мясцовага. Вечны пошук сэнсу жыцця, служэнне Богу і людзям – вось тое, над чым разважаюць на гэтым форуме. Вельмі важна прадставіць хрысціянскае кіно там, дзе ў ім маюць патрэбу і дзе яго разумеюць, лічыць Крыстаф Вольф. “Я не першы раз прыехаў для ўдзелу ў гэтым фестывалі, некалькі фільмаў у розныя гады мы прадстаўлялі. Для нас вельмі важна прысутнасць такога фестывалю ў Беларусі і наша тут прысутнасць. Вядома, што хрысціянскія праграмы і фільмы зараз не атрымоўваюць падтрымкі ў Еўропе”, - сказаў ён.

І гэта – плён секулярызацыі і рэлятывізму – галоўных праблем сённяшнягя Старога свету. На навяртанне людзей да веры звяртае асаблівую ўвагу Пантыфік. “Хто ён, Папа Францішак?” – стужка, якая не выпадкова адкрыла конкурсны прагляд “Magnificatu”. Сапраўды, хто ён, Пантыфік, які за вельмі кароткі час заваяваў увагу і любоў вернікаў ва ўсім свеце і званне “Чалавека года” па версіі журнала “Тайм”. Фільм, магчыма, адкажа на пытанне мільёнаў людзей, выказаў надзею старшыня кінафоруму, рэжысёр Юрый Гарулёў. “Гэта самае яркае пытанне, якое задавалі ў 2013 г. Чалавек, якога абралі Папай, асаблівы. Гэты фільм прадстаўляе Іспанія. Рэжысёры спрацавалі прафесійна і зрабілі вельмі добры фільм аб Папе, які зараз у нас ёсць. Увогуле моцныя працы ў Польшчы, Расіі і таксама Беларусі. Усе фільмы, якія прадстаўлены тут, павінны спадабацца гледачам”, - адзначыў галоўны арганізатар кінафоруму.

Так абываецца заўсёды – стужкі-прызёры “Magnificatа” потым пацвярджаюць якасць і на іншых міжнарожных фестывалях. Увогуле фестываль ужо мае сваіх прыхільнікаў – кожны год ў Мінску збіраюцца дзесяткі рэжысёраў, сцэнарыстаў, тым больш прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій. IX “Magnificat” атрымаўся асаблівым: пераадолеў цяжкасці, арганізатары адкрылі кінафорумам новы год, пачаўшы адразу і падрыхтоўку да наступнага. Мяркуецца, што фестываль увойдзе ў свой звычайны графік. І X, юбілейны “Magnificat” пройдзе, як і раней, восенню.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.