2014-01-04 13:57:35

"Літаратура і хрысціянства". Джоан Кэтлін Роўлінг (VI)


RealAudioMP3 Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.У мінулай перадачы я закрануў тэму навяртання і мы разгледезі вобраз вельмі цікавага і кантраверсыйнага героя патэрыяды – прафесара Сэверуса Снэйпа. Сёння вашую ўвагу, сябры, я хацеў бы звярнуць на, так бы мовіць, эпізадычны персанаж твору спадарыні Роўлінг. Гэтым персанажам з'яўляецца хатні эльф Крычар (у расійскім перакладзе – Кікімер).


Хатнія эльфы


Належыць што-колечы сказаць тут пра хатніх эльфаў, бо, вядома, не ўсе нашыя слухачы знаёмыя з кнігамі пра Потэра. Хатнія эльфы – гэта магічныя істоты ў прыдуманым свеце спадарыні Роўлінг. Гэта раса прафесійных хатніх слугаў, якія не належаць самі сабе. Яны служаць сем'ям чараўнікоў і пераходзяць у спадчыну новым сваім гаспадарам, як рэчы. На знак рабства яны не маюць права насіць нармальную вопратку, але замест яе носяць або навалачку ад падушкі, або ручнік, або нейкую анучу.


Паміж членамі пэўнай чароўнай сям'і і хатнімі эльфамі, якія ёй належаць, існуе сваеасаблівы магічны кантракт. Паводле гэтага кантракта эльф не можа (нават калі вельмі захоча) не паслухацца непасрэднага загаду гаспадара, не можа раскрыць сямейныя таямніцы, не можа пакінуць дом назаўсёды. Кантракт разрываецца толькі тады, калі гаспадар даў эльфу якую-небудзь вопратку. У дадатак да ўсяго гэтага хатнія эльфы валодаюць сваёй асабліва магіяй, у якой дзейнічаюць трошкі іншыя законы, чым у магіі чараўнікоў.


Сам факт нявольніцтва выклікае сярод эльфаў дыскамфорт толькі ў адзінак. Большась жа хатніх эльфаў задавальняе іх становішча, а можна нават сказаць, што яны любяць прыслугоўваць сваім гаспадарам, бачаць ў гэтым сэнс свайго жыцця. Вось таму Герміёна, якая з інтузіазмам пачынае барацьбу за вызваленьне эльфаў, сустракаецца з супрацівам саміх эльфаў.


Спадчына Блэкаў


Вернемся аднак да Крычара. Гэта вельмі стары эльф, які прыслугоўваў радавітай сям'і Блэкаў. З гэтай сям'і паходзіў і хростны бацька Гары Потэра – Сірыус Блэк. У пэўны момант гісторы, якую нам распавядае Роўлінг, родавы дом Блэкаў пераходзіць у спадчыну Сірыусу, а пасля яго трагічнай смерці – Гары. Гары робіцца ўладальнікам не толькі дома, але таксама гаспадаром Крычара.


Трэба зазначыць, што апошні набытак не вельмі ўзрадаваў Гары, бо Крычар меў не найлепшы характар. Справа ў тым, што ён ідэйна не ўспрымаў свайго новага гаспадара, ды сумаваў па мінулай эпохе Блэкаў. Семья Блэкаў была чыстакроўнай сям'ёй чараўнікоў, а яе прадстаўнікі культывавалі ідэю шляхетнасці і вышайшасці чыстакроўных у параўнанні да паўкровак і маглаў. Магчыма тое, што Крычар жыў у такой атмасферы з дзяцінства, паўплывала і на яго светаўспрыманне, бо ён цалкам падзяляў погляды сваіх шляхетных гаспадароў.


Непрыняцьце новых гаспадароў – спачатку Сіруаса а потым Гары – праяўлялася ў занядбанні Крэчерам сваіх хатніх абавязкаў. Дом быў цалкам занядбаны і хоць эльф і падпарадкоўваўся непасрэдным загадам свайго гаспадара, то рабіў ён гэта хутчэй з неабходнасці, без інтузіазма, а нават дазваляў сабе рабіць розныя злосныя заўвагі адносна новай улады ў доме і яе прадстаўнікоў.


Аднак Гары ўдалося пераадолець такое супрацьстаянне. Па-першае ён прыслухоўваецца да Герміёны, якая стверджвае, што і ў хатніх эльфаў могуць быць свае пачуцці і перакананні, а таму пачынае абыходзіцца з Крэчерам па-людзку. Па-другое, яму дапамагае пэўная акалічнасць – ён адкрывае, якую ролю адыграў Крэчер у гісторыі з адным з цяжкрыжоў Воландэморта – медальёнам.


Слуга і Гаспадар


Гэта гісторыя пачынаецца з брата Сірыуса – Рэгулуса Блэка. Калі Рэгулусу было ўсяго толькі шаснаццаць, ён стаў Пажыральнікам смерці і слепа выконваў усе загады свайго гаспадара, якога абагаўляў. Але аднойчы Воландэморту спатрэбіўся хатні эльф і Рэгулус прапанаваў Крэчера. Эльф павінен быў пайсці з Цёмным Лордам і выконваць усе яго загады, як загады свайго гаспадара, а потым вярнуцца дадому. Гэта таксама быў загад Рэгулуса.


Але паводле думкі Воландэморта эльф не павінен быў вярнуцца да дому. Крэчер меўся дапамагчы схаваць Цёмнаму Лорду медальён-цяжкрыж, а потым загінуць у тым самым месцы. Не буду спыняцца на ўсіх акалічнасцях гэтай гісторыі, але галоўнае ў ёй тое, што, выконваючы загад свайго гаспадара, Крэчер вяртаецца дамоў і распавядае Рэгулусу тое, што павінна было застацца ў таямніцы. Рэгулус разумее, што схаваў Воландэморт і верагодна гэта напаўняе яго жахам. Ад гэтага моманту ён навяртаецца ды вырашае супрацьстаяць чорнаму чараўніку. Ён вырашае вярнуцца ў патаемнае месца і, коштам свайго жыцця – іншага выйсця не было, здабыць цяжкрыж. Здабыць, але не знішчыць. Знішчэнне цяжкрыжа ён даручае Крэчеру. Аднак Крэчер не змог гэта зрабіць, бо як вядома цяжкрыжы можна знішчыць толькі пры дапамозе асаблівых чароўных артэфактаў, якіх эльф не меў.


Калі Гары тлумачыць Крэчеру, што ён і яго сябры фактычна працягваюць справу яго былога шляхетнага гаспадара, і што ён, Крэчер, можа зрабіць так, каб яго заўчасная смерць не была марнай, то стары верны слуга проста перамяняецца. Ён усім сэрцам становіцца на бок Гары Потэра. Гэта праяўляецца і ў дбайнай уборцы дома і старанна прыгатаваных стравах. А напрыканцы патэрыяды Крэчер нават становіцца на чале атраду эльфаў, якія змагаюцца супраць Пажыральнікаў смерці.


Бачым, што Роўлінг вельмі блізкая тэма навяртання, перамяненне мыслення. Хацелася б, каб гэта тэма была блізкай кожнаму хрысціяніну, кожнаму з нас. Верце ў Евангельле і навяртайцеся... і добрага вам чытання!








All the contents on this site are copyrighted ©.