За мінулы год павялічылася колькасць забойстваў святароў
Акрамя пазітыўных
і радасных навінаў у перыяд Божага Нараджэння, прыходзіць таксама і сумная статыстыка.
Інфармацыйнае агенцтва “Fides” паведамляе, што на працягу 2013 г. у свеце былі забіты
19 святароў, 1 законніца і 2 свецкія вернікі, якія займаліся душпастырскім служэннем.
Гэта лічба амаль у два разы большая ў параўнанні з 2012 г. калі было забіта 13 душпастыраў
і іх паплечнікаў. Па-ранейшаму самым небяспечным кантынентам з’яўляецца Лацінская
Амерыка. За мінулы год тут былі забіты 15 святароў: 7 у Калумбіі, 4 у Мексіцы, па
аднаму ў Бразіліі, Венесуэле, Панаме і Гаіці. У Афрыцы адзін святар быў забіты ў Танзаніі,
адна законніца на Мадагаскары і адна свецкая верніца ў Нігерыі. На азіяцкім кантыненце
былі забіты: адзін святар ў Індыі, адзін у Сірыі і адзін свецкі вернік на Філіпінах.
У Еўропе за 2013 г. было здзейснена адно забойства святара. Яно здарылася ў Італіі.