2014-01-03 13:24:27

Ватыканскі іерарх: нявырашанасць сірыйскага канфлікту – праява “глабалізацыі абыякавасці”


RealAudioMP3 126 тыс. загінуўшых і амаль 300 тыс. сіротаў – такі папярэдні вынік амаль трохгадовага супрацьстаяння ў Сірыі, якое яшчэ далёка не закончана. Канцлер Папскай Акадэміі навук, аргентынскі біскуп Марсэла Санчэс Саронда, адзначыў, што патрэбай першаснага значэння, з’яўляецца неабходнасць спынення вагню і стварэння гуманітарных калідораў, якія не сённяшні дзень у Сірыі адсутнічаюць. Акрамя таго, іерарх лічыць, што “у ідэале” неабходна стварэнне пераходнага ўраду з мэтай арганізацыі выбараў. Магчымасць падобных крокаў будзе абмеркавана ў Папскай Акадэміі навук 13-18 студзеня 2014 г. Удзельнікі форума пад назвай “Сірыя. Ці магчыма застацца абыякавымі?” пасля яе заканчэння, прадставяць Святому Айцу вынікі сваёй працы.

Перашкодай для вырашэння сірыйскай сітуацыі, біскуп Саронда назваў “скрыжаванне шматлікіх інтэрэсаў” – тое, што многія лідэры глядзяць у першую чаргу на прыватныя інтэрэсы, а не супольныя. У адваротным выпадку, на яго думку, было б магчыма не дапусціць такой вялікай колькасці чалавечых ахвяраў.

Працягласць вайны ў Сірыі, паводле канцлера Папскай Акадэміі навук, гэта сведчанне “глабалізацыі абыякавасці”, аб якой часта кажа папа Францішак. “Невытлумачальна, каб ніхто не мог пакласці канец гэтай вайне, якая працягваецца тры гады”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.