2014-01-02 14:33:57

Уражваючая статыстыка ўдзелу ў сустрэчах з Папам


RealAudioMP3 За 9 месяцаў пантыфікату папы Францішка, публічныя мерапрыемствы з яго ўдзелам наведала больш за 6 млн. чалавек. Аб гэтым паведаміла 2 студзеня 2014 г. Прэфектура папскага дому. Паводле статыстыкі, за перыяд з сакавіка па снежань мінулага году ў літургічных цэлебрацыях з Пантыфікам прынялі ўдзел каля 2,2 млн. чалавек. Яшчэ каля 1,6 млн. вернікаў наведалі агульныя аўдыенцыі, якія праходзяць па серадах на плошчы св. Пятра. Самымі масавымі падзеямі былі сустрэчы на малітве “Анёл Панскі” і “Regina Coeli”, паводле Прэфектуры папскага дому ў іх прынялі ўдзел амаль 2,7 млн. чалавек.

Статыстыка асобных месяцаў таксама адрозніваецца. Напрыклад самая вялікая колькасць удзельнікаў агульных аўдыенцый адзначалася ў маі 2013 г. – каля 340 тыс. вернікаў. У сваю чаргу, сустрэчы на “Анёл Панскі” былі самымі масавымі ў снежні – у перыяд падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Іх наведала каля 650 тыс. пілігрымаў.

Дадзеныя падрыхтаваныя Прэфектурай папскага дому тычацца толькі сустрэч ў Ватыкане. Акрамя іх, Пантыфік сустрэўся з больш чым 3 млн. вернікаў падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра і сотнямі тысяч жыхароў італьянскіх гарадоў, якія наведваў у мінулым годзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.