2014-01-01 11:45:55

Папа: Марыя трымала запаленым полымя веры і перадала яго іншым


RealAudioMP3 1 студзеня 2014 г., ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру, папа Францішак даверыў Маці Божай сардэчныя жаданні вернікаў і патрэбы ўсяго свету. Сваю першую Эўхарыстыю ў новым годзе Святы Айцец пачаў словамі старажытнай малітвы благаслаўлення, якой Бог навучыў Майсея: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам”. “Гэта словы сілы, адвагі, надзеі. Не ілюзорнай надзеі, заснаванай на крохкіх чалавечых абяцаннях; і таксама не наіўнай надзеі, якая ўяўляе будучыню лепшай, толькі таму што яна будучыня. Гэта надзея, грунтуецца менавіта на благаслаўленні Божым, благаслаўленні, якое ўтрымлівае самае вялікае пажаданне, пажаданне Касцёла для кожнага з нас, цалкам напоўненае любячай абаронай Пана, Яго прадбачлівай дапамогай”, - сказаў Папа да вернікаў сабраных у базыліцы св. Пятра.

Паводле Святога Айца, гэта пажаданне цалкам споўнілася ў адной жанчыне – “Марыі, якой было наканавана стаць Богародзіцай”.

“Гэта самы галоўны і важны тытул Маці Божай. Гаворка ідзе пра цноту, ролю, якую хрысціянскі народ, у сваёй пяшчотнай і шчырай пабожнасці, усведамляў заўсёды”, - сказаў Папа і дадаў, што Панна Марыя, апярэдзіла нас на шляху веры і таму з’яўляецца асабліва блізкай да нас.

“Маці Божая падзяліла наш стан, павінна была крочыць тымі самымі дарогамі, якімі ідзем мы, часам складанымі і цёмнымі, павінна была апярэдзіць нас у “пілігрымцы веры”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Маці Божая – “крыніца надзеі і сапраўднай радасці”, “прыклад пакоры і адкрытасці на волю Божую”, якая “на Кальварыі трымала запаленым полымя веры ва ўваскрасенне Сына і перадала яго з матычынай любоўю іншым”. Папа заклікаў даверыць Багародзіцы наш шлях веры, жаданні сэрца, патрэбы ўласныя і ўсяго свету, у першую чаргу “голад і прагу па справядлівасці і міру”.








All the contents on this site are copyrighted ©.