2013-12-31 10:12:10

Кс. Ламбардзі: Папа не адмяняў грэх


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі абверг меркаванне пра тое, што папа Францішак “адмяніў грэх”. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы ўказаў на шэраг недакладнасцяў у разуменні ўчынкаў, словаў і жэстаў Святога Айца. У прыватнасці гаворка ідзе пра інтэрпрытацыю навучання Пантыфіка былым дырэктарам вядомай італьянскай газеты “La Repubblica” Эўджэніа Скальфары. У сваёй штотыднёвай рубрыцы на старонках выдання журналіст выказаў меркаванне, што нібыта ў сваёй Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” Францішак “адмяніў грэх”.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што ўвага вядомага журналіста да навучання Святога Айца з’яўляецца “пазітыўным знакам” пачатку дыялога са свецкай культурай, які Папа жадаў ініцыіраваць. Але, адначасова палічыў неабходным зрабіць пэўныя заўвагі, у прыватнасці адносна меркавання пра “адмену граху”.

Каментуючы гэта выказванне, кс. Ламбардзі адзначыў: “хто па-сапраўднаму сочыць за Папам дзень за днём, ведае, як часта ён кажа пра грэх, кажа пра наш грахоўны стан”. Больш за тое – падкрэсліў кіраўнік Залы Друку, – пасланне аб міласэрнасці Божай, якое Пантыфік паставіў у цэнтр свайго абвяшчэння, можа быць зразумета настолькі глыбока, наколькі будзе разумецца рэальнасць граху.

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы нагадаў, што папа Францішак – езуіт, а “Духоўныя практыкаванні” св. Ігнацыя Лаёлы, якія “сталі для яго школай духоўнасці і хрысціянскага жыцця”, пачынаюцца з разважання над грахамі і заканчаваюцца дыялогам з Хрыстом, Богам, які стаў чалавекам і памёр менавіта за нашы грахі. “Такім чынам, фундаментальная духоўная дынаміка, у якую таксама ўключаны Папа, гэта ўсведамленне грахоў і перапрашэнне за іх; бачыць бясконцую веліч міласэрнасці Божай і так выпраўляцца ў хрысціянскае жыццё, абноўленае міласэрнасцю і досведам любові Бога. Калі адмовіць грэх, пасланне аб міласэрнасці больш не будзе разумецца”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.