2013-12-30 13:26:04

Святы Айцец спытаў у вернікаў дазволу “забраць” іх біскупа


RealAudioMP3 Папа Францішак звярнуўся да вернікаў італьянскай дыяцэзіі Касана-алла-Ёніа з просьбай “забраць” іх біскупа, для выканання абавязкаў у Рыме. 28 снежня 2013 г. Святы Айцец прызначыў ардынарыя гэтай дыяцэзіі біскупа Нунцыа Галанціна выконваючым абавязкі Генеральнага сакратара Канферэнцыі Біскупаў Італіі. У лісце, скіраваным да вернікаў Францішак адзначыў: “Я не меў яшчэ задавальнення пазнаёміцца з вамі асабіста, але спадзяюся змагу зрабіць гэта ў бліжэйшы час”. “Магчыма вас дзівіць, што я пішу вам, але раблю гэта, каб папрасіць дапамогі. Я патлумачу”, - напісаў Папа. Святы Айцец патлумачыў, што “для адной важнай місіі ў Касцёле ў Італіі”, мае патрэбу, каб біскуп Галанціна прыбыў у Рым, прынамсі на нейкі час. “Я ведаю наколькі вы любіце вашага біскупа і ведаю – вам не спадабаецца, што яго забяраюць. Я вас разумею. Таму б хацеў напісаць да вас абабіста, нібыта просячы дазволу”, - падкрэсліў Папа. Францішак адзначыў таксама, што і біскуп Галанціна жадаў бы застацца са сваімі вернікамі, “якіх вельмі любіць”. “Любоў узаемная і вам прызнаюся, што бачанне гэтай сыноўскай і бацькоўскай любові паміж народам і біскупам мяне ўзрушвае і натхняе дзякаваць Богу”, - напісаў Пантыфік.

Адначасова Святы Айцец звярнуўся да біскупа Нунцыа Галанціна з просьбай, прынамсі час ад часу наведваць сваю дыяцэзію і працягваць суправаджаць яе вернікаў на шляху веры. “Прашу вас, калі ласка, зразумець мяне ... і прабачыць”, - папрасіў Папа вернікаў.

Дыяцэзія Касана-алла-Ёніа знаходзіцца на поўдні Італіі і налічвае каля 17 тыс. чалавек. Біскуп Нунцыа Галанціна, прызначаны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Біскупаў Італіі “ad interim” застанецца яе ардынарыем, нягледзячы на тое, што пераедзе на пэўны час у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.