2013-12-30 12:55:52

Беларусь: вера адраджаецца на Віцебшчыне


RealAudioMP3 Новапрызначаннаму Біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу дасталася багатая – гістарычна і духоўна – спадчына. Віцебская дыяцэзія была заснавана ў 1999 годзе, па апошніх дадзеных налічвае 137 парафій і больш за 150 тыс. католікаў. І калі складаныя гады адраджэння рэлігійнага жыцця ў Беларусі ззаду, то наперадзе – не менш складаная праца. Як адзначыў адразу пасля прызначэння Біскуп Віцебскі ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, секулярызм і рэлятывізм – адны з галоўных праблем, якія стаяць сёння перад Касцёлам у Беларусі. Місія Касцёла патрэбна нават у самых далёкіх кутках краіны. Напрыклад, у мястэчку Лёзна Віцебскай вобласці – у 10 кіламетрах ад мяжы з Расіяй.

З аднаго боку, за доўгія гады савецкай улады многія людзі адышлі ад веры, хаця мясцовыя жыхары каталіцкага веравызнання тут засталіся. З іншага – некаторыя, магчыма, забыліся пра Бога, бо доўгі час не мелі ні храма, ні сістэматычнага духоўнага жыцця, адзначыў кс. Алег Півавар, пробашч парафіі св. айца Піо ў Лёзна. “Я бачу, што ёсць перспектывы, ёсць над чым працаваць. Шмат людзей неахрышчаных, шмат людзей, якія адышлі ад Бога, таму што былі выхаваны ў часы пераследу і атэізму. А яны ўсе патрабуюць Бога, нават калі некаторыя і не ўсведамляюць гэтага. Таму будзем працаваць на ніве Панскай, няхай Бог дае нам сваё благаслаўленне”, - сказаў ён.

Парафія св. айца Піо была заснавана ў 2001 г. па благаслаўленні Біскупа Віцебскага на пенсіі Уладзіслава Бліна. Гістарычна ў Лёзна ніколі не было каталіцкага храма. Прычын таго шмат. Большасць насельніцтва ў Лёзна складалі яўрэі. Тут было чатыры сінагогі і толькі дзве праваслаўныя цэрквы. У 1772 г., пасля падзелу Рэчы Паспалітай, Лёзна ўвайшло ў склад Расійскай імперыі – аб існаванні каталіцкай супольнасці не магло ісці нават і мовы. Да таго ж і сёння гэта самы ўсходні райцэнтр Беларусі.

Парафія св. айца Піо аб’яднала і мястэчка, і ўвесь раён, у акрузе некалі былі каталіцкія храмы, паведаміў кс. Алег Півавар. “Калі гістарычна, то ў раёне існавалі аж дзве каталіцкія парафіі. Адна налічвала 2,5 тыс. католікаў, а другая – 1,5 тыс., а таксама каплічкі, да якіх даяжджалі святары. Каплічкі наведвалі таксама 300-400 чалавек. Але потым ўсё гэта было знішчана”, - падзяліўся святар.

З 2010 г. у Лёзна будуецца сапраўдны душпастырскі цэнтр. Калі на пачатку парафіянаў можна было на пальцах дзьвух рук пералічыць, то сёння іх колькасць ўзрасла ў разы. Усяго за тры гады з’явіліся і сцены цэнтра. Гэта нешта большае, чым проста парафіяльны храм, і запатрабаванне ў гэтым ёсць, падкрэсліў кс. Алег Півавар. “Гэта будзе касцёл, памяшканне для катэхезы, пакоі для святара, таксама гасцявыя пакоі для тых, хто праязджае міма. Тут недалека ў Расіі – і Смаленск, і Катынь, куды прыязджаюць пілігрымкі з Польшчы, і пілігрымы змогуць тут спыніцца. Таксама душпастырскі цэнтр будзе праводзіць летнікі для дзяцей, так званыя “Канікулы з Богам”, а таксама дапамагаць хворым. Гэта мы зможам рабіць, калі цэнтр пачне функцыянаваць”, - сказаў мясцовы пробашч.

А ячшэ супрацоўнічаць з дзіцячымі дамамі, дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі і шмат іншага – усё гэта ў будучым. Зараз жа парафія расце – хоць і на два чалавекі ў год, але не ў колькасці, як вядома справа. Зусім нядаўна тут пачалі праводзіць катэхітычныя заняткі для дзяцей. Гэта ўжо іншая гісторыя – як навяртання людзей да Бога, так і выхавання новага пакалення ў традыцыях хрысціянскіх каштоўнасцяў. У наступным годзе у парафіі св. айца Піо трое дзяцей прымуць Першую Святую Камунію. Адраджаць веру ніколі не рана і ніколі не позна, як і пачынаць з нуля.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.