2013-12-28 11:48:33

Італьянскі тэолаг: хрысціян пераследуюць, бо Евангелле незручнае


RealAudioMP3 Каментуючы словы папы Францішка пра дыскрымінацыю і пераслед хрысціян з прычыны іх веры, прамоўленыя перад малітвай “Анёл Панскі” 26 снежня 2013 г., у свята св. Стэфана – першага мучаніка Касцёла, арцыбіскуп Кьеці-Васты Бруна Фортэ нагадаў, што для многіх Евангелле з’яўляецца незручным. Вядомы італьянскі бібліст і тэолаг, перакананы, што яно, “уводзіць у крызіс спажывецкую і эгаістычную ментальнасць і звычкі, якія закрываюць вочы на пакуты слабых і бедных і апраўдваюць эгаізм і злоўжыванні некаторых”. Таму, натуральна, што існуе адмаўленне Евангелля і напады, якія з’яўляюцца “формай абароны ўласнага алібі і прывелеяў перад тымі, хто жыве Евангеллем” і верыць у яго, адзначыў іерарх.

На думку арцыбіскупа Фортэ, праявамі такіх тэндэнцый з’яўляюцца парушэнне свабоды сумлення, навязванне так званага адзінага мыслення ў сферы адукацыі моладзі і нават самых маленькіх дзяцей, навучанне журналістаў “нейтральнай мове”.

Паводле іерарха, перад абліччам такой сітуацыі нельга стамляцца выкрываць розныя формы устанаўлення манаполіі мыслення – “манаполіі інструменталіскай і эгаістычнай” – і працягваць, з глыбокай свабодай, абвяшчаць Евангелле і даваць сведчанне аб ім. “Панаванне ўсеахопліваючых ментальнасцяў, якія выключаюць арыгінальнасць, свабоду сумлення і свабоду рэлігійнага вызнавання, было б цяжкай пагрозай усяму чалавецтву”, - сказаў італьянскі тэолаг. Ён лічыць, што сёння, хрысціяне, як ніколі павінны адчуваць пакліканне да сведчання веры з пакорай і адвагай, без крыўдаў, з сілай прабачэння да ўсіх і пастаянствам.








All the contents on this site are copyrighted ©.