2013-12-28 12:29:06

Ватыканскі іерарх: занядбанне інстытута сям’і – забойства грамадства


RealAudioMP3 Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 29 снежня 2013 г. з нагоды свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа папа Францішак прамовіць асаблівую малітву ў інтэнцыі сем’яў, якую склаў асабіста. Адначасова адбудзецца тэлемост, які злучыць плошчу св. Пятра з вернікамі прысутнымі ў базыліцы Звеставання Пана ў Назарэце, базыліцы Святога Дома ў Ларэта і базыліцы Святой Сям’і ў Барселоне. Старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, патлумачыў, што выбар гэтых месцаў не выпадковы – у Назарэце Езус жыў на працягу 30 гадоў, у Ларэта знаходзіцца дом, у якім ён вырас, а ў Барселоне вялікі архітэктар Гаўдзі стварыў цудоўны санктуарый прысвечаны Святой Сям’і.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што ініцыятыва павінна падкрэсліць важнасць інстытута сям’і. “Езус – Сын Божы, сам Стварыцель. Аднак, нават Ён, жывучы на Зямлі, меў патрэбу ў сям’і”, - сказаў арцыбіскуп і дадаў, што гэта, тым больш важна для нас, людзей. Паводле іерарха, сёння як ніколі неабходна падкрэсліваць цэнтральнае значэнне сям’і ў жыцці асобаў, грамадства і Касцёла.

Сем’і – гэта самы каштоўны рэсурс нашага грамадства, - адзначыў ён, але заўважыў, што сёння, яны сустракаюцца са шматлікімі праблемамі: палітыка пра іх забывае, эканоміка іх выкарыстоўвае, культура іх лінчуе. “Але аслабляць сям’ю, азначае аслабляць грамадства”, - сказаў іерарх. Ён назваў небяспечным і рызыкоўным шлях да занядбання інстытута сям’і і павелічэння колькасці адзінокіх людзей. Такая тэндэнцыя, на яго думку азначае, што нібыта, можна быць у парадку толькі ў адзіноце. “Гэта забойства грамадства, я б сказаў, самой антрапалогіі”, - падкрэсліў арцыбіскуп Палья.








All the contents on this site are copyrighted ©.