2013-12-27 13:44:48

Кс. Ламбардзі: прыклад Папы павінен распаўсюдзіцца на ўвесь Касцёл


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі перакананы, што адмаўленне Бэнэдыкта XVI ад служэння на пасадзе Біскупа Рыма, будзе мець уплыў на наступныя пантыфікаты. Падводзячы вынікі 2013 г., кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў, што гэты жэст Папы на пенсіі “адкрыў дарогу” і “магчымасць”, патрэбныя ў эпоху якую перажываем зараз. Такім чынам, паводле кс. Ламбардзі ў адмаўленні Бэнэдыкта XVI ад пасады, прысутнічае не столькі асабісты аспект, колькі ўсведамленне патрабаванняў часу, жаданне даць “абноўлены запал” Касцёлу. Езуіт падкрэсліў, што папа Францішак за 9 месяцаў свайго пантыфікату ўразіў увесь свет. Прычына гэтага ў здольнасці даць адказ на самыя глыбокія чаканні людзей. “Я думаю, што ён адказаў на пастаяннае глыбокае чаканне ўсяго чалавецтва, якое мае патрэбу, жаданне любові, чалавечнасці, прабачэння, шчырых і блізкіх адносінаў, якімі будуць суцяшэнне і падтрымка”, - сказаў ён.

На думку кс. Ламбардзі, галоўным чынам Францішак сканцэнтраваўся на абвяшчэнні любові Бога, Яго міласэрнасці, блізкасці да ўсіх, Яго жаданні дабра і збаўлення для кожнага стварэння. “Гэта тое, што было зразумета дзякуючы простым жэстам і словам, якія ён прамаўляў”, - сказаў кіраўнік Залы Друку і падкрэсліў, што сваімі простымі ўчынкамі Папа выражае любоў Бога да ўсіх яго стварэнняў.

Кс. Ламбардзі выказаў пажаданне, каб вялікі імпульс абнаўлення, абвяшчэння сутнасці хрысціянскага паслання, распаўсюдзіўся на ўвесь Касцёл, стаў стылем прапаведвання Касцёла. “Папа Францішак дае, у пэўным сэнсе, прыклад, мадэль душпастрыскіх адносін, якая павінна распаўсюджвацца і станавіцца звычайнай ва ўсіх частках Касцёла”, - сказаў езуіт.








All the contents on this site are copyrighted ©.