Амаль тры гадзіны
доўжыўся візіт папы Францішка ў ватыканскі дзіцячы шпіталь “Bambino Gesu” 21 снежня
2013 г. Сустрэчу з хворымі дзецьмі, іх сем’ямі і медыцынскім персаналам каментатары
ўжо назвалі адной з самых кранальных падчас гэтага пантыфікату. “Было сказана няшмат
слоў, але сардэчныя жэсты Папы назаўжды застануцца ў нашых сэрцах”, - прызнаўся капелан
бальніцы, кс. Луіджы Дзукара. Святога Айца прывіталі малыя пацыенты з мышачнай дыстрафіяй,
перасаджаным сэрцам і лейкеміяй, якія паходзяць з розных частак свету. Візіт Францішка
пачаўся з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі. Ён маліўся там за здароўе дзесяці дзяцей
у вельмі цяжкім стане. Урач-ардынатар, які суправаджаў Пантыфіка, прызнаўся, што Святы
Айцец быў яўна ўсхваляваны і стараўся пабыць як мага даўжэй ля кожнага ложка. Ён не
пагадзіўся на прамую трансляцыю свайго візіту, падкрэсліўшы, што гэта яго асабістая
сустрэча з хворымі дзецьмі.
У шпітальнай капліцы Папа маліўся з анкалагічна
хворымі. Ён атрымаў ад іх поўны кошык дзіцячых мар і малітваў. Дзеці пісалі аб падзяцы
для ўрачоў, якія ратуюць іх жыцці, пра жаданне знайсці лекі ад усіх хвароб і канчаткова
спыніць цярпенні. “Мне ўжо надакучылі ўколы”, - напісаў Дыега. Флавія папарасіла Святога
Айца: “Дапамажы нам неяк перажыць гэтыя цяжкія часы”.
“Дарагія дзеці, дзякую
вам за вашы мары і малітвы, якія вы змясцілі ў кошыку, што я атрымаў ад вас. Вялікі
дзякуй!”, - сказаў Святы Айцец. Ён запрасіў прадставіць іх усе Езусу, які “ведае іх
лепш за нас”. “Ён ведае сапраўдную глыбіню нашых сэрцаў. Асабліва з вамі, дарагія
дзеці, Езус застаецца ў асаблівых адносінах: Ён заўсёды побач з вамі!”, - дадаў Папа
і запрасіў дзяцей разам памаліцца “Вітай, Марыя”.
Падчас візіту Пантыфік атрымаў
сімвалічныя ключы да “Дому Францішка”. Гэтая новая структура, якая дзейнічае пры бальніцы,
для маці ў цяжкай эканамічнай, сацыяльнай і сямейнай сітуацыі. Яна прапануе кругласутачную
падтрымку жанчынам, якія вымушаны бегчы ад насілля ці ня маюць сродкаў для клопату
пра сваіх дзяцей. Дзверы “Дома Францішка” адкрыты для маці і іх дзяцей, незалежна
ад краіны паходжання і веры. Аб’ект працуе ў супрацоўніцтве з рымскай “Caritas”.
Святы
Айцец наведаў розныя аддзяленні найбуйнейшай дзіцячай бальніцы ў Еўропе. Яна па-ранейшаму
знаходзіцца пад апекай Святога Пасаду і размешчана недалёка ад Ватыкана.