2013-12-21 12:04:44

Папа заклікаў супрацоўнікаў Рымскай курыі да супраціву сумлення адносна плётак


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 21 снежня 2013 г. з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Такія спатканні – традыцыйныя, яны ладзяцца на заканчэнне году і з’яўляюцца своеасаблівым падвядзеннем яго вынікаў. Пантыфік выказаў падзяку “усім, як працоўнай супольнасці”, і кожнаму асабіста за штодзённае служэнне: “за клопат, працавітасць, крэатыўнасць, за не заўсёды лёгкія намаганні супрацоўніцтва ў выкананні абавязкаў”. Папа не забыўся пра тых, хто ў гэтым годзе заканчвае служэнне і сыходзіць на пенсію. Ён нагадаў, што святары і біскупы ніколі не ідуць на пенсію, яны проста пакідаюць сваю пасаду, каб “больш прысвяціць сябе малітве і клопату пра душы, пачынаючы ад сваёй уласнай”. Пантыфік прызнаўся, што заўсёды захапляўся мансіньёрамі, якія акуратна і старанна, да самаадрачэння няслі і нясуць сваё служэнне ў Рымскай курыі. “Прафесіяналізм і служэнне” – гэта тыя рысы, якімі, на думку Папы, павінен характарызавацца супрацоўнік, а сабліва кіраўнік, Рымскай курыі. Прафесіяналізм, нагадаў ён, гэта “кампетэнтнасць, адукацыя, удасканаленне і абнаўленне навыкаў”. Хоць ён набываецца з часам, для яго паўстання павінна быць добрая аснова, перакананы Святы Айцец. “Другой асаблівасцю з’яўляецца служэнне, служэнне Папе і біскупам, для Паўсюднага Касцёла і Касцёлаў мясцовых”, - нагадаў Францішак і дадаў, што у Рымскай курыі трэба вучыцца “дыхаць” менавіта “гэтым двайным вымярэннем Касцёла”, “узаемапранікненнем універсальнага і мясцовага”.

На думку Папы, калі адсутнічае прафесіяналізм, чалавек “павольна саслізгвае ўніз да пасродкавасці”. “Папкі са справамі становяцца банальнай інфармацыяй і паведамленнем, пазбаўленым зачыну жыцця”, лічыць ён. З іншага боку, звярнуў увагу Пантыфік, “калі няма паставы служэння мясцовым Касцёлам і іх біскупам, разрастаецца структура курыі як цяжкай бюракратычнай, кантрольнай і інквізіцыйнай структуры, якая не дазваляе дзейнічаць Святому Духу і развівацца Божаму народу”.

Да прафесіяналізму і служэння Святы Айцец дадаў трэцюю рысу – святасць жыцця. Яна ў іерархіі каштоўнасцяў найбольш важная. Больш за тое, лічыць Папа, яна таксама “з’яўляецца асновай якасці працы і служэння”. “Святасць азначае жыццё ў Духу Святым, адкрытасць сэрца на Бога, няспынную малітву, глыбокую пакору, братэрскую любоў у адносінах з калегамі”, - нагадаў ён. Святасць у Рымскай курыі, дадаў Пантыфік, “гэта таксама супраціў сумлення адносна плётак”. Ён з жалем назваў плёткі “няпісаным законам нашых асяроддзяў”. “Плёткі шкодзяць якасці людзей, працы і асяроддзя”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў супрацоўнікаў Рымскай курыі да адзінства, падзякаваў яшчэ раз за іх працу і папрасіў аб малітве.







All the contents on this site are copyrighted ©.