2013-12-21 10:34:42

Кардынал Кох распавёў пра свой візіт у Расію


RealAudioMP3 Патрыярх Кірыл у захапленні ад пантыфікату папы Францішка. Ён прызнаўся ў гэтым кардыналу Курту Коху, які на гэтым тыдні здзяйсняў візіт у Санкт-Пецярбург і Маскву. Ватыканскі іерарх сустрэўся з праваслаўным лідэрам 18 снежня 2013 г. Ён паведаміў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што размова ішла пра ўзаемасувязі паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, тэалагічны дыялог і выклікі сучаснага грамадства для хрысціян. Суразмоўцы не абмінулі і палітычную сітуацыю ў свеце.

Кардынал прызнаўся, што закраналася і пытанне сустрэчы Папы і Патрыярха. “Аб гэтым ідзе размова пастаянна. Адказны за экуменічныя адносіны Рускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліт Іларыён, неаднаразова падкрэсліваў, што больш важная за дату сустрэчы, яе падрыхтоўка. І я падтрымліваю гэтую пазіцыю. Для гэтага патрэбны час”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Патрыярх Кірыл вельмі задаволены гэтым пантыфікатам, адзначыў кардынал Кох, перш за ўсё, ён захапляецца тым, як папа Францішак кіруе Касцёлам і адносіцца да людзей. Прадстаяцель станоўча падкрэсліў таксама спосаб падыходу Святога Айца да бедных і сям’і.

Старшыня Папскай рады не хавае, што праблемным для Рускай Праваслаўнай Царквы застаецца пытанне Украіны. “Перш за ўсё, гаворка ідзе пра яе заклапочанасць адносна аб’яднанай з Рымам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Да гэтага пытання мы пастаянна вяртаемся”, - прызнаўся кардынал. Ён дадаў, што гаворка з Патрыярхам ішла таксама пра палітычнае развіццё ва Украіне, паколькі краіна стаіць перад небяспекай расколу. “Гэта вельмі неадкладны выклік”, - заявіў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.







All the contents on this site are copyrighted ©.