2013-12-21 10:56:17

Дзяржсакратар Яго Святасці: карэйцы павінны быць братамі аднаго народа


RealAudioMP3 Святы Пасад спадзяецца на мір паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй і на прызнанне правоў чалавека ва ўсім рэгіёне паўвострава. Для гэтага патрэбна адкрыццё шляхоў дыялогу і пошук супольных пунктаў, да якіх належыць дапамога ў выпадку стыхійных бедстваў, заявіў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы арцыбіскуп Пьетра Паралін у карэйскім каледжы ў Рыме 19 снежня 2013 г. увечары. Нагодай для візіту стала 50-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Карэяй і Святым Пасадам, паведаміла “L’Osservatore Romano” у сваім сённяшнім выпуску. Карэйцы павінны мець магчымасць“адчуваць сябе братамі аднаго народа”, сказаў ватыканскі іерарх.

Касцёл у Карэі з самых сваіх пачаткаў у XVIII ст. цярпеў шматлікія ганенні, сказаў арцыбіскуп Паралін. Але “пасля пераследу і зімы мы прыйшлі да вясны і ператварэння Карэі з місійнай краіны ў краіну місіянераў”, - дадаў ён.

З 49-мільённага насельніцтва Паўднёвай Карэі 5,1 млн., паводле інфармацыі Святога Пасаду, з’яўляюцца католікамі. У Паўночнай Карэі любое публічнае вызнанне рэлігіі забаронена, таму няма дакладнай інфармацыі пра колькасць вернікаў Каталіцкага Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.