Прапаведнік Папскага дома: хто не жадае прыняць бедных, не ў поўнай меры прымае Хрыста
Беднасці у таямніцы
Уцелаўлення прысвяціў сваё трэцяе адвэнтавае казанне прапаведнік Папскага дома айцец
Раньера Канталамеса 20 снежня 2013 г. На ім прысутнічаў Святы Айцец. Той, хто не жадае
прыняць бедных, не ў поўнай меры прымае Хрыста, сказаў капуцын, спасылаючыся на св.
Францішка Асізскага. Недастаткова ведаць, што Бог стаў чалавекам, важна ведаць, якім
чалавекам ён стаў, сказаў прапаведнік і дадаў, што Хрыстус стаў бедным, прыніжаным
і пакутуючым. Невыпадкова, нагадаў айцец Канталамеса, Ян XXIII у кантэксце ІІ Ватыканскага
Сабору казаў пра “Касцёл бедных”, “у некаторым сэнсе, усіх беднякоў свету”, ахрышчаных
ці не. Іх беднасць – гэта цярпенне, - дадаў капуцын, - гэта іх хрост крывёй”.
Адсюль
вынікае, што Папа, Вікарый Хрыста, з’яўляецца сапраўдным “бацькам бедных”, пастырам
гэтай велізарнай паствы, адзначыў законнік і дадаў, што ўвесь Касцёл з радасцю глядзіць
на тое, што цяперашні Папа прыняў гэта глыбока да сэрца. Сённяшнія беднякі знаходзяцца
“ззаду экранаў тэлевізараў”, на іх не звяртае ўвагі сённяшні свет. Слова “бедныя”
з’яўляецца правакацыйным у багатых краінах.
Як “плачам і пратэстуем” з нагоды
дзяцей, якія не маюць магчымасці нарадзіцца, або састарэлых, хворых, якіх хочуць забіць
праз эўтаназію, таксама мы павінны зрабіць “для мільёнаў дзяцей, народжаных і асуджаных
на смерць голадам, хваробамі”, лічыць прапаведнік Папскага дома. Ён узгадаў у гэтым
шэрагу дзяцей, “вымушаных ісці на вайну і забіваць для інтарэсаў, незнаёмых нам у
багатых краінах”, і пажылых людзей, якія паміраюць ад холаду ці проста кінутыя на
волю лёсу”. Лякарства на гэтыя з’явы – пераадоленне абыякавасці і неадчувальнасці.
Любіць
бедных, азначае, перш за ўсё, “паважаць і прызнаваць іх годнасць”, сказаў айцец Канталамеса,
бо ў іх “свеціць яркае святло радыкальнай годнасці чалавечай асобы”. Але бедны, сказаў
ён, “заслугоўваюць не толькі нашага жалю, але і нашага захаплення”, яны – “сапраўдныя
чэмпіёны чалавецтва”. Як вучыў св. Францішак – “яны нашы браты”. Таму, сказаў на заканчэнне
айцец Канталамеса, “мы не павінны дазволіць нашаму нячыстаму сумленню падахвочваць
нас здзяйсняць велізарную несправядлівасць пазбаўляючы Добрай Навіны тых, хто першы
яе атрымаў – “шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.