2013-12-19 12:25:08

Святы Пасад распрацаваў дакумент аб выхаванні да міжкультурнага дыялогу


RealAudioMP3 Выхаванню да міжкультурнага дыялогу прысвечаны новы дакумент Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, які быў прадстаўлены 19 снежня 2013 г. у Ватыкане. Поўная назва дакументу: “Выхоўваць да міжкультурнага дыялогу ў каталіцкай школе. Жыць разам для цывілізацыі любові”. “Вельмі важнай і своечасовай” назваў гэту тэму кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект ватыканскай дыкастэрыі, хоць яна і не новая. Касцёл ужо на працягу многіх стагоддзяў ажыццяўляе сваё адукацыйнае служэнне ў полікультурнай і шматканфесійнай рэальнасці. Сёння, аднак, дадалася іншая з’ява – міграцыя глабалізавала рэальнасць мультыкультуралізму і мультырэлігійнасці, у выніку чаго паўстала неабходнасць адпаведнай міжкультурнай адукацыі ў школе.

Адрасатамі дакументу з’яўляюцца перш за ўсё бацькі, якія граюць галоўную ролю ў працэсе выхавання дзяцей, таксама настаўнікі і супрацоўнікі каталіцкіх школ, нацыянальныя і дыяцэзіяльныя біскупскія камісіі, манаскія супольнасці, біскупы, рухі, асацыяцыі і іншыя касцёльныя органы, якія нясуць адукацыйнае служэнне. Кангрэгацыя прапануе яго “у якасці сродку дыялогу і разважанняў для ўсіх тых, хто клапоціцца аб выхаванні чалавека для будаўніцтва мірнага грамадства і салідарнасці”.

Тэма адукацыі да міжкультурнага дыялогу прадстаўлена тут у больш шырокім кантэксце. Закранаюцца пытанні суадносін культуры і рэлігіі, каталіцызму і іншых рэлігій, тэалагічных асноў тоеснасці каталіцкай школы, што палягае на выкладанні каталіцкай рэлігіі, якая добра спалучаецца з павагай да асабістай свабоды.

Ключавым словам, што звязвае разам усе аспекты, якія разглядаюцца ў дакуменце, з’яўляецца “дыялог”. Дыялог – гэта стаўленне, з якім Касцёл адносіцца да асобы ў любой сітуацыі, нагадаў кардынал Грахалеўскі меркаванне папы Францішка.

Канчатковая мэта адукацыі да міжкультурнага дыялогу, нагадаў ён, стварэнне цывілізацыі любові. У рамках каталіцкай школы, гэта можа і павінна адбыцца, калі сумяшчаць адукацыйную задачу з бачным абвяшчэннем Евангелля, лічыць прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.