2013-12-19 10:02:29

Патрыярх Кірыл звязвае вялікія чаканні з папам Францішкам


RealAudioMP3 У развіцці Рускай Праваслаўнай Царквы за апошнія гады ёсць нешта падобнае да таго, што адбываецца ў Каталіцкім Касцёле, асабліва ў сувязі з абраннем папы Францішка, лічыць Патрыярх Маскоўскі Кірыл. 18 снежня 2013 г. у Маскве ён сустрэўся са старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардыналам Куртам Кохам, паведамляе сайт Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата. Прадстаяцель згадаў, што за два гады, якія прайшлі з моманту яго папярэдняй сустрэчы з ватыканскім іерархам, у жыцці Рускай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла адбылося шмат значных падзей, перш за ўсё, абранне новага Пантыфіка. Ён не стаў хаваць, што звязвае з гэтым вялікія чаканні, бо многае з таго, што заяўляе Папа, што ён прапануе свету і грамадству, супадае з бачаннем Рускай Праваслаўнай Царквы. Патрыярх цэніць тое, што Францішак неаднаразова выказваў свае сімпатыі ў адрас праваслаўных.

Іерарх назваў тыя тэмы, па якіх пазіцыі дзвюх Цэркваў супадаюць: сітуацыя на Блізкім Усходзе, у прыватнасці, па сірыйскім канфлікце, захаванне ў сучасным свеце традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, скарачэнне колькасці разводаў, супрацьдзеянне абортам і абарона самаго інстытута сям’і. Свет сёння таксама стаіць перад выклікам ўсё большай сацыяльнай няроўнасці і беднасці, адзначыў Патрыярх. “У нас ёсць гісторыя адносін, вопыт супрацоўніцтва, які дае магчымасць з аптымізмам глядзець у будучыню”, - дадаў ён.

Кардынал Кох, цытуючы папу Францішка, адзначыў, што католікам ёць чаму павучыцца ў праваслаўных, асабліва ў тым, што тычыцца біскупскай калегіяльнасці і сінадальнасці. Ён назваў агульным для ўсіх хрысціян выклікам, непрыманне сучасным светам хрысціянскіх каштоўнасцяў, адной з праяў чаго з’яўляецца крызіс інстытута сям’і. На думку кардынала Коха, вялікае значэнне мае салідарная пазіцыя Цэркваў па сітуацыі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе.

У ходзе праведзенай гутаркі Патрыярх Кірыл і Кардынал Кох абмеркавалі актуальны стан каталіцка-праваслаўнага тэалагічнага дыялогу ў рамках Змешанай міжнароднай камісіі і тыя цяжкасці, з якімі ён сутыкаецца.

Ватыканскі іерарх перадаў Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі прывітанне і добрыя пажаданні ад папы Францішка.







All the contents on this site are copyrighted ©.