2013-12-19 10:55:13

Ватыканскія медыя-структуры рэфармуюць


RealAudioMP3 Сродкі масавай камунікацыі Святога Пасаду будуць больш функцыянальнымі, эфектыўнымі і сучаснымі. Забеспячэннем гэтага зоймецца кампанія “McKinsey&Company”, а ініцыятыва належыць Папскай рэферэнтнай камісіі па вывучэнні і арганізацыі эканамічна-адміністрацыйных адносін Святога Пасаду. Выбар міжнароднай кансалтынгавай кампаніі адбыўся пасля правядзення тэндэру. Праца над комплексным планам будзе праходзіць у цесным супрацоўніцтве з кіраўнікамі адпаведных ватыканскіх ведамстваў. Праект рэфармавання медыя-структур будзе накіраваны Папскай камісіі, якая затым выпрацуе адпаведныя рэкамендацыі для Пантыфіка.

“McKinsey&Company” – гэта міжнародная кансалтынгавая кампанія, якая спецыялізуецца на вырашэнні задач, звязаных са стратэгічным кіраваннем. У якасці кансультанта яна супрацоўнічае з найбуйнейшымі сусветнымі фірмамі, дзяржаўнымі ўстановамі і некамерцыйнымі арганізацыямі.

Ініцыятыва па рэфармаванні медыя-структур з’яўляецца адным з этапаў працэдуры прывядзення ўстаноў Святога Пасаду да міжнародных стандартаў. Праца над гэтым праектам была даручана адной з найбуйнейшых у свеце сетак па аказанні прафесійных аўдытарскіх, кансалтынгавых і юрыдычных паслуг – “KPMG”.







All the contents on this site are copyrighted ©.