Папа падчас агульнай аўдыенцыі пра сэнс і глыбіню Божага Нараджэння
Разважанню над сэнсам
Божага Нараджэння прысвяціў 18 снежня 2013 г. сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі
папа Францішак. На думку Святога Айца, вельмі дарэчы ў апошнія дні Адвэнту задумацца
над глыбінёй падзеі, якая перавярнула гісторыю чалавецтва. Ён назваў Божае Нараджэнне
“святам веры і надзеі, якія перавышаюць нявызначанасць і песімізм”. І прычына гэтай
надзеі, нагадаў Папа, у разуменні, што “з намі Бог” і што Ён давярае нам сябе. “Бог
прыходзіць, каб жыць з людзьмі, выбіраючы Зямлю сваім домам, каб быць разам з чалавекам
і апынуцца там, дзе чалавек праводзіць свае дні ў радасці і ў болю. Такім чынам, зямля
ўжо не проста “даліна слёз”, але месца, дзе сам Бог паставіў свой намёт, месца сустрэчы
паміж Богам і чалавекам, месца Божай салідарнасці з людзьмі”, - сказаў Пантыфік. Але,
паводле Святога Айца, “ёсць нешта яшчэ больш здзіўляючае”. “Прысутнасць Бога сярод
чалавецтва не была рэалізавана ў ідэальным свеце, ідылічным, але ў гэтым рэальным
свеце, адзначаным падзеламі, злом, беднасцю, прыгнётам і войнамі. Ён абраў жыццё ў
нашай гісторыі, такой, якой яна ёсць, з усім цяжарам яе абмежаванняў і драмы. Пры
гэтым дэманструючы непераўзыдзеным чынам сваю міласэрнаю прыхільнасць і поўню любові
да людзей. Ён ёсць Бог-з-намі”, - адзначыў Папа.
На думку Францішка, з Нараджэння
Езуса зыходзіць “духоўная энергія”, якая дапамагае нам не патануць у нашых праблемах,
роспачы, смутку, “таму што гэта энергія, “якая грэе і змяняе сэрца”. Божае Нараджэнне,
нагадаў ён, прыносіць чалавеку цудоўную навіну, што мы любімыя Богам “непераўзыдзена
і індывідуальна”.
З радаснага сузірання таямніцы Сына Божага, народжанага для
нас, паводле Пантыфіка, мы можам зрабіць дзве высновы. Па-першае, тое, што ў Божым
Нараджэнні Бог раскрывае сябе не як таго, хто пануе над Сусветам, але як таго, хто
зніжаецца, зыходзіць на зямлю маленькім і бедным, азначае для нас, што каб быць падобнымі
на Яго, мы не павінны ставіць сябе над іншымі, але служыць ім і не пакідаць іх у адзіноце.
Па-другое, калі Бог праз Езуса становіцца адным з нас, гэта азначае, што ўсё, што
мы робім для брата і сястры, робім для Яго. Хто адпрэчвае, забываецца, ігнаруе аднаго
з самых маленькіх і самых бедных, будзе аддалены і адкінуты самім Богам, падкрэсліў
Папа.
Святы Айцец заклікаў даверыцца мацярынскаму заступніцтву Марыі, Маці
Езуса і нашай, каб яна дапамагла кожнаму падчас “гэтага Святога Божага Нараджэння”
прызнаць у бліжнім, асабліва ў асобах найбольш уразлівых і маргіналізаваных, вобраз
Сына Божага, які стаў чалавекам.