2013-12-17 11:46:37

Кардынал Кох: паглыбленне сінадальнасці – лепшы ўклад Касцёла ў дыялог з праваслаўем


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох лічыць, што дыялог з рускім праваслаўем з’яўляецца знакавым для Каталіцкага Касцёла ў кантэксце выказванняў Папы аб тым, што католікам ёсць чаму павучыцца ў праваслаўных. “Святы Айцец у сваёй Апостальскай адгартатыі заявіў, што жадае паглыблення экуменічнага дыялогу, які ўключае ў сябе ўзаемнае пазнанне. Ён прывёў прыгожы прыклад, што мы католікі павінны павучыцца ад праваслаўных біскупскай калегіяльнасці і сінадальнасці. Папа заклапочаны тым, каб у Каталіцкім Касцёле было больш сінадальнасці. Менавіта яе паглыбленне – гэта лепшы ўклад, які можа зрабіць Касцёл у экуменічны дыялог з праваслаўнымі Цэрквамі”, - заявіў Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

16 снежня 2013 г. вячэрнім цягніком кардынал адправіўся з Санкт-Пецярбурга ў Маскву. Тут яго чакае напружаная і важная праграма: сустрэча з каталіцкім духавенствам , наведванне Міністэрства замежных спраў Расіі, сустрэча са студэнтамі праваслаўнай агульнацаркоўнай аспірантуры, Мітрапалітам Іларыёнам і Патрыярхам Кірылам. Перад самым ад’ездам ватыканскі іерарх заявіў, што яшчэ рана казаць аб выніках, але ён спадзяецца, што візіт ўмацуе сувязі паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. “Я спадзяюся, што сустрэча з Яго Святасцю Патрыярхам Кірылам дапаможа паглыбіць тое, што аб’ядноўвае католікаў і праваслаўных. Я бачу, што Руская Праваслаўная Царква ўзмацняе супрацоўніцтва з Рымскай Царквой, і вельмі гэта цаню. Спадзяюся, што наша супрацоўніцтва будзе яшчэ больш плённым”, - сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.







All the contents on this site are copyrighted ©.