2013-12-16 10:27:57

Ватыканскі іерарх: складанасць экуменізму – у адрозненнях унутры праваслаўных Цэркваў


RealAudioMP3 Складанасці дыялогу з праваслаўнымі Цэрквамі палягаюць на тым, што часам існуе больш адрозненняў паміж імі самімі, чым паміж памеснымі праваслаўнымі Цэрквамі і Каталіцкім Касцёлам, адзначыў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, 16 снежня 2013 г. падчас сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу з семінарыстамі і духавенствам паўночна-заходняга рэгіёну архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве. Ён прачытаў даклад, прысвечаны экуменізму ў матэрыялах II Ватыканскага Сабору. Пасля дакладу ён адказаў на пытанні прысутных. Я штодня малюся, прызнаўся ватыканскі іерарх, каб памесныя Царквы сабраліся на пан-праваслаўны сабор, каб вырашыць існуючыя паміж імі праблемы. “Гэты Сабор можа стаць вялікім крокам на шляху экуменізму”, - адзначыў ён.

На пытанне аб тым, чаго Святы Пасад чакае ад Каталіцкага Касцёла ў Расіі на шляху экуменізму кардынал Кох сказаў, што “задача католікаў тут – дэманстраваць экуменічны запал, які ў нас ёсць. Наш шлях – гэта сведчанне веры і яе прыгажосці. Экуменізм – гэта пытанне звернутае, перш за ўсё, да нас. Як мы ставімся да сваіх перакананняў і як перадаем гэтыя перакананні далей, падкрэсліў ён.

Другі дзень візіту кардынала Коха ў Санкт-Пецярбург пачаўся з ранішняй св. Імшы ў капліцы духоўнай семінарыі “Марыя Каралева Апосталаў”. Звяртаючыся да семінарыстаў і выкладчыкаў іерарх адзначыў, што галоўнае, не колькасць, а якасць кандыдатаў да святарства. Якасць іх чалавечай, хрысціянскай і духоўнай фармацыі.

Пасля сустрэчы з каталіцкім духавенствам, кардынал адправіўся ў санкт-пецярбургскую праваслаўную духоўную акадэмію, дзе сустрэўся з яе студэнтамі і прачытаў даклад, прысвечаны каталіцка-праваслаўнаму дыялогу. Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству меў спатканне з рэктарам санкт-пецярбургскіх духоўных школ епіскапам Амброзіем.

Увечары кардынал Кох адправіцца ў Маскву.







All the contents on this site are copyrighted ©.