2013-12-15 14:14:09

Папа перад “Анёл Панскі”: Касцёл – не прытулак для сумных (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Прысутнасці радасці на шляху да Божага Нараджэння прысвяціў свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” папа Францішак 15 снежня 2013 г. Касцёл – гэта не тое месца, якое можна назваць прыстанішчам сумных людзей, звярнуў увагу ён і дадаў, што крыніцай радасці для хрысціян застаецца Евангелле. Менавіта яно дазваляе вызнаўцам Хрыста не баяцца і рухацца наперад, а пасля падзення ўстаць і працягваць шлях, пачаць усё нанова. Хрысціянская радасць – яна асаблівая, звярнуў увагу Пантыфік, яна праяўляецца нават у цярпенні, бо гэта не нейкае павярхоўнае пачуццё, але глыбокі давер да Бога, вера ў тое, што Ён ніколі не пакіне і стрымае сваё слова. Тых, хто сутыкнуўся з Езусам, ніхто і нішто не можа пазбавіць радасці і спакою, адзначыў Папа. Тыя, хто паддаўся адчаю, не павінны адчуваць сябе самотнымі, іх павінна падтрымаць супольнасць, дадаў ён.

“Сёння – Трэцяя нядзеля Адвэнту, якая таксама называецца “Gaudete”, гэта значыць нядзеля радасці. У літургіі неаднаразова гучыць запрашэнне радавацца і цешыцца, але чаму? Бо Пан блізка. Божае Нараджэнне ўжо блізка. Як маці, Касцёл заклікае нас працягваць з верай духоўнае падарожжа, каб магчы цэлебраваць з новай радасцю ўрачыстасць Божага Нараджэння. Хрысціянскае пасланне называецца “Евангелле”, што азначае “Добрая навіна”, заклік да радасці для ўсіх людзей. Касцёл не з’яўляецца прытулкам для сумных, Касцёл ёсць дом радасці! А тыя, хто сумны знаходзяць у ім радасць, знаходзяць у ім сапраўдную радасць!

Але Евангелле – гэта не любая радасць. Яна знаходзіць сваю прычыну ў адчуванні блізкасці і любові Бога. Як нагадвае нам сёння прарок Ісая (пар. 35,1-6,8а.10), Бог ёсць той, хто прыходзіць, каб збавіць нас, і паспяшае на дапамогу асабліва нясмелым сэрцам. Яго прыход у наша асяроддзе ўмацоўвае нас, надае сілы, дае мужнасць, весяліць і робіць квітнеючымі пустыню і стэп, што значыць наша жыццё, калі яно становіцца сухім. А калі наша жыццё становіцца сухім? Калі яно застаецца без вады Божага Слова і Яго Духа любові. З-за таго, што нашы абмежаванні і нашы страты вялікія, мы не маем права быць слабымі і няўпэненымі перад цяжкасцямі і нашымі ўласнымі слабасцямі. Наадварот, мы запрошаны ўмацоўваць свае рукі, узмоцніць змучаныя калені, мець мужнасць і не баяцца, бо наш Бог заўсёды паказвае нам веліч сваёй міласэрнасці. Ён дае нам сілы ісці наперад. Ён заўсёды з намі, каб дапамагчы нам рухацца наперад. Гэта Бог, які жадае нам дабра і любіць нас. І таму Ён з намі, каб дапамагчы нам і ўмацаваць, каб мы адважна рухаліся далей. Мужнасці! Заўсёды наперад! З Яго дапамогай мы заўсёды можам пачаць нанова. Як пачаць усё спачатку? Можа хто-небудзь скажа мне: “Не, Ойча, я зрабіў так шмат. Я вялікі грэшнік, вялікі грэшнік. Я не магу пачаць нанова!”. Ты памыляешся! Ты можаш пачаць усё спачатку! Чаму? Таму што Ён чакае цябе, Ён ​​побач з табой, Ён ​​любіць цябе, Ён ​​міласэрны, Ён ​​даруе табе, Ён ​​дасць табе сілы, каб пачаць усё нанова! Усім! Мы ў стане расплюшчыць вочы, пераадолець смутак і слёзы і спяваць новую песню. І гэта сапраўдная радасць праяўляецца таксама ў хвіліну выпрабаванняў, таму што гэта не павярхоўная радасць, яна пранікае ў глыбіню чалавека, які верыць у Бога і мае давер да Яго.

Хрысціянская радасць, таксама як надзея, мае сваю падставу ў вернасці Бога, ва ўпэўненасці, што Ён заўсёды трымае сваё слова. Прарок Ісая заахвочвае тых, хто згубіў дарогу і каму складана спадзявацца на вернасць Пана, таму што Яго збаўленне не спозніцца, каб уварвацца ў іх жыццё. Тыя, хто спаткаў Езуса на сваёй дарозе, адчуваюць у сваім сэрцы спакой і радасць, якіх нішто і ніхто не можа пазбавіць. Наша радасцю з’яўляецца Езус Хрыстус, Яго верная і невычэрпная любоў! Таму, калі нейкі хрысціянін становіцца смутным, гэта азначае, што ён аддаліўся ад Езуса. Але тады не можна пакідаць яго аднаго! Мы павінны маліцца за яго, даць адчуць яму цеплыню супольнасці.

Няхай Панна Марыя дапаможа нам паскорыць нашы крокі ў кірунку Бэтлеема, каб сустрэць Дзіцятка, якое нараджаецца для нас, для збаўлення і шчасця ўсіх людзей. Анёл сказаў ёй: “Вітай, ласкі поўная, Пан з табой” (Лк 1,28 ). Няхай яна дапамагае нам жыць радасцю Евангелля ў сям’і, на працы, у парафіі і ў кожным асяроддзі. Унутранай радасцю, якая складаецца з захапленне і пяшчота. Радасцю, якую адчувае мама, калі глядзіць на сваё нованароджанае дзіця і адчувае, што гэта дар ад Бога, цуд, за які трэба толькі дзякаваць!”, - сказаў Папа перад марыйнай малітвай.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец благаславіў фігуркі дзіцятка Езуса, якія на Божае Нараджэнне будуць пакладзены ў святочныя яслі. Па традыцыі на ватыканскую плошчу перад Божым Нараджэннем іх прыносяць рымскія дзеці. Менавіта да іх звярнуўся Папа. Ён папрасіў юнакоў і дзяўчат аб малітве за сябе і паабяцаў сваю малітву за іх. Пантыфік пажадаў усім шчаслівага Божага Нараджэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.