2013-12-14 13:48:43

Каардынатар Рады кардыналаў пра рэформу Сінода Біскупаў


RealAudioMP3 Рада кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была створана для пастаяннага кансультавання Папы, нагадаў каардынатар групы, арцыбіскуп Тэгусігальпу, кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга ў гутарцы з Ватыканскім тэлебачаннем (CTV). Камісія існуе “не толькі для таго, каб перапісаць “Pastor Bonus” – Апостальская канстытуцыя Яна Паўла II з’яўляецца бягучым статутам для Рымскай курыі. “Мы будзем працягваць быць свайго роду радай па тэмах, узнятых Папам” , - сказаў кардынал Марадзьяга.

Рада кардыналаў, якую Францішак стварыў у красавіку 2013 г., сустракалася ўжо двойчы – у кастрычніку і снежні. У яе склад уваходзяць восем пурпуратаў з усіх кантынентаў.

Кардынал заявіў, што рэформы закрануць Сінод Біскупаў, які павінен ператварыцца ў пастаянны кансультацыйны орган. “Калі Сінод скончыцца, гэта не будзе азначаць, што тэма завершана. Папа бачыць гэта так, што члены Сінода на працягу наступных трох гадоў будуць кансультавацца на тэму прапанаваных шляхоў”, - паведаміў каардынатар Рады кардыналаў. Ён пацвердзіў таксама, што Дзяржаўны сакратарыят павінен ператварыцца ў “Папскі сакратарыят”. Мэта падобных змен – “не ствараць уражанне, што размова ідзе пра нейкі ўрад з прэм’ер-міністрам”.

Іерарх выказаў сваю радасць з нагоды таго, што папа Францішак стварыў асобную камісію па пытаннях абароны дзяцей. Гэта адпавядае “рэальнай патрэбе” і ляжыць у той жа час “на адной лініі з вялікім укладам Бэнэдыкта XVI” супраць злоўжыванняў у Касцёле. Гандурасскі іерарх лічыць Кангрэгацыю Веравучэння той дыкастэрыяй, пры якой магла б дзейнічаць новая камісія.

Падчас апошняй сустрычы Рады ў пачатку снежня кардыналы аналізавалі заўвагі і прапановы, атрыманыя падчас кантактаў з епіскапатамі з розных краін адносна рэфармавання Рымскай курыі. Яны пачаргова разглядзелі дзейнасць кожнай з ватыканскіх дыкастэрый. Адбылася іх сустрэча з новым Дзяржсакратаром, арцыбіскупам Пьетра Паралінам. У рамках наступнага пасяджэння 17-18 лютага 2014 г. прадугледжаны сустрэчы пурпуратаў з органамі, адказнымі за эканамічныя пытанні Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.