2013-12-14 12:11:59

Арганізатар візіту кардынала Коха ў Расію: усе бачаць, што нам патрэбна сустрэча Папы і Патрыярха


RealAudioMP3 Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству пачынае 14 снежня 2013 г. візіт у Санкт-Пецярбург і Маскву. Дзе ён сустрэнецца з прадстаўнікамі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Іерарх будзе прыняты Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і сустрэнецца з кіраўніком Аддзелу знешніх царкоўных сувязяў Мітрапалітам Іларыёнам. Айцец Гіяцынт Дэсцівэль з Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, арганізатар візіту, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё адзначыў, што сустрэча ватыканскага іерарха і Патрыярха Маскоўскага будзе насіць выключны характар. Упершыню старшыня Папскай рады сустрэнецца з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы як прадстаўнік папы Францішка.

“Кардынал Кох ужо сустракаўся з Патрыярхам ў Маскве два гады таму, але я думаю, гэта спатканне будзе асабліва важным, таму што з’явіліся новыя выклікі, напрыклад, мір на Блізкім Усходзе, сям’я, сацыяльнае навучанне Касцёла і маральныя пытанні, але ў першую чаргу – выклік адзінства ў веры”, - заявіў супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, адказны за кантакты з праваслаўем. На яго думку “цяпер самы час, каб зрабіць сімвалічны жэст і рухацца наперад у нашых адносінах”. Айцец Дэсцівэль спадзяецца, што сустрэча дапаможа ў гэтым.

Дамініканін прызнаўся, што “падчас кожнага спаткання кардынала з Патрыярхам або Мітрапаліта Іларыёна з Папам ідзе размова пра такую ​​магчымасць”. Паводле яго асабістага меркавання, “кожны дзень мы становімся бліжэй да гэтай сустрэчы”. “Я не ведаю, калі і дзе яна адбудзецца, але ўсе зараз бачаць, што нам патрэбна гэта сустрэча”, - заявіў супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.







All the contents on this site are copyrighted ©.