2013-12-14 10:50:54

Адбылося “прэм’ернае” уключэнне галоўнай ватыканскай ёлкі


RealAudioMP3 Прадстаўнікі Германіі і Чэхіі разам уключылі 13 снежня 2013 г. ілюмінацыю на ёлцы, якая была ўстаноўлена на плошчы св. Пятра. У па-сапраўднаму зімовы вечар мэры Баварскага Вальдмюнхена, які ахвяраваў святочнае дрэва, і чэшскага Дамажліцэ, з тэрыторыі якога яно прыбыло, разам націснулі на кнопку і ўключылі гірлянду з 1000 лямпачак. У сваіх выступленях перад трыма сотнямі пілігрымаў нямецкія і чэшскія палітыкі назвалі падзею сімвалам міжнароднага ўзаемаразумення і адзінства Еўропы.

Ва ўрачыстай інаўгурацыі з касцёльнага боку прынялі ўдзел кіраўнік Губернатарата Дзяржавы Ватыкан кардынал Джузэпэ Бэртэла, яго генеральны сакратар біскуп Фернанда Альсага і арцыбіскуп Пражскі Дамінік Дука. Федэральны ўрад Германіі прадстаўляў дзяржсакратар Крысціян Шміт, Баварыю – Бэатэ Мерк.

На цырымонію прыбылі шматлікія пілігрымы з Баварыі і Чэхіі. Іх прыняў на аўдыенцыі 13 снежня папа Францішак, які нагадаў, што Езус і сёння працягвае развейваць цемру памылак і грахоў, каб прынесці чалавецтву радасць Божага спакою, знакам і напамін чаго з’яўляецца святочная ёлка.

Кардынал Бэртэла звярнуў увагу на сімволіку дрэва жыцця, якую адлюстроўвае вечназялёная ёлка. Ён нагадаў аб рашэнні Яна Паўла II у 1982 г. штогод прывозіць гэты сімвал Божага Нараджэння з Поўначы на ​​плошчу св. Пятра. Мэр Дамажліцэ Міраслаў Маха звярнуў увагу на балючую гісторыю разрыву паміж Усходам і Захадам, які, на шчасце, у цяперашні час пераадолены.

На мінулым тыдні 25-мятровая ёлка прыбыла ў Рым. Вальдмюнхен пасля 1984 г. ахвяруе святочнае дрэва на ватыканскую плошчу ўжо ў другі раз.







All the contents on this site are copyrighted ©.