2013-12-13 12:21:50

Пантыфік падзякаваў баварцам за ёлку для плошчы св. Пятра


RealAudioMP3 13 снежня 2013 г. увечары на плошчы св. Пятра адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя святочнай ёлкі і “прэм’ернае” уключэнне ілюмінацыі на ёй. У першай палове дня папа Францішак сустрэўся з вялікай баварскай дэлегацыяй, якая прыбыла на гэту ўрачыстую цырымонію. Святочнае дрэва сёлета было ахвяравана Пантыфіку ўладамі і жыхарамі нямецкага горада Вальдмюнхен. Гэты жэст Святы Айцец успрыняў, як знак духоўнай блізкасць і сяброўства, якія звязваюць Германію, асабліва Баварыю, і Святы Пасад. Ён паабяцаў малітву за хрысціянскія супольнасці ў краіне і ўвесь нямецкі народ і пажадаў, каб яны сустрэлі Божае Нараджэнне са спакоем Пана ў сэрцы. Францішак нагадаў, што Езус і сёння працягвае развейваць цемру памылак і грахоў, каб прынесці чалавецтву радасць Божага спакою, знакам і напамін чаго з’яўляецца святочная ёлка. Святы Айцец пажадаў баварскім пілігрымам добрага Божага Нараджэння і адкрытасці на святло ісціны Хрыста, які нарадзіўся для кожнага.







All the contents on this site are copyrighted ©.