2013-12-13 09:35:23

Беларусь: на Чэмпіянаце Еўропы па міні-футболе сярод святароў – 14 краін


RealAudioMP3 24-28 лютага 2014 года Беларусь прыме VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. У краіне падобная падзея адбудзецца ўпершыню, а сталіцай спаборніцтва абраны горад Ліда. Там збяруцца футбалісты з ліку каталіцкага духавенства з Аўстрыі, Польшчы, Харватыі, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Расіі, Украіны і іншых краін – усяго 14 каманд. Прапанова зрабіць Беларусь краінай-гаспадаром Чэмпіянату паступіла з аргкамітэта еўрапескага спартыўнага форума, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звярнуўся з ініцыятывай да Міністэрства спорта, дзе ёй не толькі зацікавіліся, але і падтрамалі.

Ужо некалькі месяцаў працоўныя групы ад дзяржаўнага ведамства і Каталіцкага Касцёла робяць усё, каб ідэю ўвасобіць у жыццё, паведаміў кансультант аддзелу гульнявых відаў спорта Міністэрства спорта і турызма Віталій Дзяйкала. “Адзін з галоўных крытэрыяў, чаму мы і наша кіраўніцтва адгукнулася – гэта прэстыж. Мы пастараемся правесці Чэмпіянат на самым высокім узроўні. Прадстаўніцтва краін, вы самі бачыце, вельмі шырокае, таму вельмі прыемна і цікава, што Беларусь будзе прымаць спаборніцства. Мне, як былому футбалісту, самаму цікава будзе паглядзець. Вельмі прыемна, хвалююча, але і адказна”, - сказаў ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арганізатар.

Упершыню Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў прайшоў у Аўстрыі ў 2005 г. па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла, потым святары – аматары гэтага віда спорту, аб’ядналіся ў розных краінах і стварылі аргкамітэт. Чэмпіянат ужо прымалі і Польшча, і Венгрыя. У еўрапейскую футбольную хвалю беларускія святары ўліліся не адразу, але ўжо некалькі гадоў яны – абавязковыя ўдзельнікі чэмпіянатаў. І калі першы раз беларуская каманда нават у поўфінал не выйшла, то год ад году падымалася ў турнірнай табліцы.

Сёння ў краіне існуе чатыры каманды – у кожнай з дыяцэзій. А на VIII Чэмпіянаце, які пройдзе ў Лідзе, сыграе зборная святароў Беларусі па міні-футболе, адзначыў кс. Павел Салабуда, капітан каманды Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатар Чэмпіянату Еўропы з боку Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. “У камандзе беларускіх святароў сыграюць найлепшыя. Мы запрасілі прафесійнага трэнера, які быў з намі ў Лепелі на Чэмпіянаце Беларусі. Ён паглядзеў, хто як гуляе. У зборнай камандзе будзе больш святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, 2 святары з Віцебскай і 2 святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Падрыхтоўка выглядае так – мы збіраемся раз на тыдзень у Лідзе, у Гродна, каб падрыхтавацца, гуляем, трэнер нам дапамагае”, - прызнаўся святар.

Для правядзення Чэмпіяната Еўропы ў Лідзе задзейнічаюць дзве пляцоўкі – спартыўны комплекс “Алімпія” і Лядовы палац, лёд якога на час спаборніцтва з дапамогай спецыяльнага пакрыцця ператворыцца ў футбольнае поле. Турнір будзе праходзіць 4 дні, палову з якіх адвядуць на малітву і культурную праграму. Ужо вядома, што госці адправяцца паглядзець гістарычныя гарады Мір, Нясвіж, Навагрудак.

Усе тонкасці прыёму святароў-спартсменаў бярэ на сябе Лідскі гарвыканкам. Праблем з пустымі трыбунамі, спадзяюцца арганізатары, не будзе – рэкламныя расцяжкі з’явяцца ў Лідзе і нават Мінску, адкрыў сакрэт кансультант аддзелу гульнявых відаў спорта Міністэрства спорта і турызма Віталій Дзяйкала. “Ужо бачна, як загарэліся вочы ў лідчан, калі яны даведаліся, што адбудзецца ў іх горадзе такая падзея. Рэклама, буклеты – усё гэта таксама будзе ў Лідзе. Думаю, не толькі лідчанам, але і ўсім аматарам спорта будзе цікава прыйсці, пабалець за нашу каманду і паглядзець на мерапрыемства такога ўзроўню. Магчыма, яшчэ з боку Каталіцкага Касцёла будуць прапанаваны нейкія дабрачынныя акцыі. Усё гэта мы абмяркуем падчас новай сустрэчы арганізацыйнага камітэту”, - сказаў супрацоўнік Мінспорту.

Пакуль плануецца, што ўваход на матчы будзе вольным. Змагацца святары будуць за Кубак Чэмпіянату, адзначаны будуць прызёры, а магчыма, і асобныя ўдзельнікі ў нейкіх намінацыях. І хаця спартыўны азарт ніхто не адмяняў, але гуляюць у футбол святары, а значыць – толькі перамагчы для іх не галоўнае, падкрэсліў Віталій Дзяйкала. “Гэта цудоўная магчымасць новых знаёмстваў, радуе, што спорт для іх з’яўляецца злучным звяном для зносін. Усіх запрашаем!”, - сказаў ён.

Увогуле, узровень замежных каманд, якія ўдзельнічаюць у Чэмпіянатах Еўропы па міні-футболе сярод святароў, вельмі высокі. У беларусаў ёсць яшчэ час, каб падрыхтавацца да спаборніцтва і годна выступіць. Але годны і цёплы прыём усім гасцям, якія прыбудуць у Беларусь у лютым – абавязковы. Арганізатары турніру абяцаюць – гэта будзе прыгожая гульня!

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.