2013-12-12 12:43:07

Папа на Сусветны дзень міра: братэрства – аснова міра і шлях да яго


RealAudioMP3 “Братэрства – аснова міра і шлях да яго” – гэтай тэме прысвечана першае пасланне папы Францішка на Сусветны дзень міра, які будзе адзначацца 1 студзеня. Святы Айцец адзначыў, што “няўрымслівае жаданне братэрства” прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека. Братэрства з’яўляецца “важным вымярэннем чалавека”, а асэнсаванне ўласнай сацыяльнай прыроды “дапамагае бачыць у іншых людзях нашых братоў і сясцёр і адносіцца да іх адпаведна”. Таму, на думку Святога Айца, братэрству трэба пачынаць вучыць з сям’і, пакліканне якой: “заражаць свет сваёй любоўю”. У той жа час, рэалізацыі пакліканню чалавека да братэрства супрацьстаіць “глабалізацыя абыякавасці”, якая імкнецца прымусіць “паступова прызвычайвацца да пакутаў іншых, закрываючыся ў сабе”. На думку Пантыфіка, “сучасныя этычныя сістэмы няздольныя ствараць сапраўдныя сувязі братэрства”, таму што братэрства немагчыма без “спасылкі да адзінага Айца, як яго вышэйшай асновы”.

Кожны чалавек носіць у сабе пакліканне да братэрства, але таксама і магчымасць здрадзіць яму, пра што кажа прыклад забойства Абэля яго братам Каінам. Папа задаецца пытаннем: ці змогуць людзі адказаць на прагу братэрства, закладзеную ў іх Богам Айцом і ўласнымі сіламі перамагчы абыякаваць, эгаізм і нянавісць, прыняць законныя адметнасці, якія характарызуюць братоў і сясцёр?

На яго думку, корань братэрства – у айцоўстве Бога. Крыж стаў “месцам” заснавання братэрства, якое людзі самі не ў стане стварыць. Такім чынам, жыццё з Хрыстом дапамагае бачыць у Богу Айца ўсіх людзей і, як наступства, нараджае імкненне жыць братэрствам, лічыць Папа.

Францішак нагадаў, што братэрства тычыцца не толькі індывідуўмаў, але цэлых народаў, а самыя паспяховыя з іх павінны памятаць пра абавязак салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці і ўсеагульнай міласэрнасці да менш паспяховых.

У аснову павінен быць пакладзены клопат пра агульнае дабро, які прадугледжвае адмаўленне ад “прагі прыбытку” і “прагі ўлады”. Трэба быць гатовымі “згубіць сябе” на карысць іншага, не эксплуатаваць і прыгнятаць яго дзеля ўласнай выгады, а служыць яму, лічыць Пантыфік.

На думку Святога Айца, прычына беднасці і “ганьбы голада” – у недахопе братэрства. Таму, акрамя палітычных мераў, неабходна спрыяць братэрству праз сціплы і просты лад жыцця. Ён нагадаў пра неабходнасць братэрства ў эканоміцы. Крызіс, выкліканы паступовым аддаленнем чалавека ад Бога і бліжняга, імкненнем да матэрыяльных дабротаў і паслабленнем міжасабовых і сацыяльных адносінаў, падштрухнуў многіх шукаць шчасця ў спажывецтве і прыбытку, якія “пераўзыходзяць усякую логіку здаровай эканомікі”, заўважыў Пантыфік.

Каб аднавіць братэрства, Папа заклікае адкласці зброю і ўстаць на шлях дыялогу, спрыяць раззбраенню, асабліва хімічных і ядзерных арсеналаў, змагацца з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, клапаціцца пра раўнамернае і адказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Ён падкрэсліў, што “Касцёл шмат робіць ва ўсіх гэтых сферах, і ў большасці выпадкаў у маўчанні”, але неабходна пашырыць намаганні і памятаць, што служэнне – гэта “душа братэрства, якое стварае свет”.








All the contents on this site are copyrighted ©.