2013-12-11 11:29:02

Францішак заклікаў не баяцца Апошняга суду


RealAudioMP3 11 снежня 2013 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра папа Францішак пачаў заключную серыю катэхез, прысвечаных Сімвалу веры. Пантыфік патлумачыў, чым з’яўляецца Апошні суд – таямніца, якая “амаль інстынктыўна нарадажае ў нас пачуццё страху і, магчыма, нават трымцення”. Але, паводле Святога Айца, калі добра ўглядзецца ў гэту таямніцу, яна не можа не стаць “прычынай вялікага суцяшэння і даверу”. Францішак нагадаў, што цэлебрацыі і малітвы ў першых хрысціянскіх супольнасцях часта суправаджаліся ўскліканнем: “Мараната”. Гэты выраз складаецца з двух арамейскіх словаў, якія ў залежнасці ад свайго парадку могуць азначаць заклік: “Прыйдзі, Пане!”, або перакананасць, умацаваную верай: “Так, Пан прыходзіць, Пан, блізка”. “У гэтым ускліканні знаходзіцца кульмінацыя ўсяго хрысціянскага Аб’яўлення”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што гэтым выразам Касцёл-нявеста ад імя ўсяго чалавецтва звяртаецца да Хрыста, свайго Жаніха, чакаючы моманту прыняцця ў Яго абдымкі, якія з’яўляюцца поўняй жыцця і любові.

“Калі падумаем пра Апошні суд у гэтай перспектыве, любы страх і нерашучасць паменшацца і дадуць прастору чаканню і глыбокай радасці: гэта будзе менавіта момант, калі праз асуджэнне станем нарэшце гатовымі пераапрануцца ў хвалу Хрыстовую, як ў вясельны строй, і прыведзенымі на пір, вобраз поўнай і канчатковай еднасці з Богам”, - сказаў Папа.

Іншай прычынай суцяшэння, паводле Святога Айца, з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што падчас Апошняга суду мы не будзем пакінуты ў адзіноце. Езус сам у Евангеллі паводле Мацвея апавядаў, што разам з Ім судзіць будуць тыя, якія наследавалі Яго ў жыцці. Таксама і св. Павел у Пасланні да Карынцянаў пісаў: “Хіба не ведаеце, што святыя будуць судзіць свет?” (1 Кар 6, 2).
“Як цудоўна ведаць, што ў той момант акрамя Хрыста, нашага Суцяшыцеля, нашага Заступніка перад Айцом, можам разлічваць таксама на заступніцтва і добразычлівасць нашых шматлікіх і больш вялікіх братоў і сясцёр, якія апярэдзілі нас на шляху веры, ахвяравалі сваё жыццё за нас і працягваюць нас любіць невымоўным чынам!”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што яшчэ адна нагода для спакойнага ўспрыняцця таямніцы Апошняга суду, знаходзіцца на старонках Евангелля паводле св. Яна. Ён нагадаў словы евангеліста: “Бо не паслаў Бог свайго Сына ў свет, каб судзіць свету, але каб кожны быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага” (Ян 3,17-18).

Паводле Францішка, “суд ужо адбываецца, падчас нашага існавання”, а вынесенае суджэнне з’яўляецца водгукам нашага прыняцця, або непрыняцця збаўлення ў Хрысце. “І тут уваходзіць у гульню наша адказнасць: Пан Езус падарыў сябе і працягвае дарыць сябе нам, каб напоўніць нас усёй сваёй міласэрнасцю і ласкай Айца. Менавіта мы можам стаць у пэўным сэнсе судзямі саміх сябе, асуджаючыся на выключэнне з еднасці з Богам і братамі, на вялікую адзіноту і сум, якія з’яўляецца наступствам усяго гэтага. Не трэба стамляцца сачыць за сваімі думкамі і паводзінамі, каб ужо зараз адчуць цяпло і ззянне Божага аблічча (...), якое ў вечным жыцці будзем сузіраць ва ўсёй яго поўні”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў пра ініцыятыву па барацьбе з голадам у свеце, якую пачала рэалізоўваць Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas Internationalis”. Францішак заклікаў рашуча дзейнічаць супраць глабальнага голаду і не дазволіць, каб ён паралізаваў ініцыятыву.








All the contents on this site are copyrighted ©.