2013-12-10 10:59:14

Святы Айцец абвясціў ініцыятыву супраць голаду


RealAudioMP3 Папа абвясціў “кампанію супраць голаду ў свеце”. Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas internationalis” пачне рэалізаваць яе 10 снежня 2013 г., у Міжнародны дзень правоў чалавека, пад дэвізам: “Адзіная чалавечая сям’я – харчаванне для ўсіх”. У сваім відэа-пасланні Святы Айцец запэўніў, што гэта ініцыятыва атрымала яго поўную падтрымку. Ён назваў “глабальным скандалам” тое, што каля мільярда чалавек у свеце пакутуюць ад голаду. “Мы не можам павярнуцца спіной, робячы выгляд, што гэта праблема не існуе. Ежы, даступнай у свеце, хапіла б, каб накарміць усіх”, - сказаў Папа. Ён заклікаў да адкрытасці на прабелемы галадаючых і павагі да права на харчаванне, дадзенага Богам. “З хрысціянскай любоўю трэба дзяліцца тым, што ў нас ёсць з тымі, хто вымушаны сутыкацца са шматлікімі перашкодамі, каб задаволіць самую асноўную патрэбу. І ў той жа час, трэба станавіцца энтузіястамі сапраўднага супрацоўніцтва з беднымі, каб дзякуючы нашай і іх працы, яны маглі жыць з годнасцю”, - сказаў папа Францішак.

164 мясцовыя аддзяленні “Caritas internationalis” працуюць у 200 краінах.

Пантыфік заклікаў усе арганізацыі ў свеце, Касцёл і кожнага чалавека, каб сталі голасам для тых, хто моўчкі пакутуе ад голаду, які быў бы ў стане “патрэсці свет”. Ён звярнуў увагу, што сёння існуе вялікая колькасць харчовых адходаў з-за дрэннага выкарыстання рэсурсаў, якія чалавек мае ў наяўнасці. Святы Айцец заклікаў не забывацца, што нашы штодзённыя дзеянні ўплываюць на жыццё тых, хто непасрэдна адчувае голад. Ён запрасіў кожнага падтрымаць каталіцкую дабрачынную ініцыятыву, каб стварыць “свет, дзе ніхто больш не будзе паміраць ад голаду”.







All the contents on this site are copyrighted ©.