2013-12-10 15:08:19

Вялікая баварская дэлегацыя на інаўгурацыі ёлкі на плошчы св. Пятра


RealAudioMP3 У Рым накіроўваецца вялікая дэлегацыя з баварскага Вальдмюнхена. Менавіта гэты горад ахвяраваў сёлета святочную ёлку для Папы. Яна ўжо ўстаноўлена на плошчы св. Пятра, зараз адбываецца яе аздабленне. 13 снежня 2013 г. у 16.30 паводле рымскага часу адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя святочнага дрэва і першае ўключэнне ілюмінацыі на ім. На цырымоніі чакаецца 200 пілігрымаў з Вальдмюнхена. Дагэтуль толькі аднойчы ў гісторыі святочная ёлка на ватыканскую плошчу прыбывала з Германіі – у 1984 г., нагадала 10 снежня 2013 г. у сваім спецыяльным паведамленні пасольства Германіі пры Святым Пасадзе. На ўрачыстай інаўгурацыі чакаюцца касцёльныя і палітычныя ўлады з Баварыі, сярод якіх Біскуп Рэгенсбурга Рудольф Фодэрхольцэр і баварскі міністр па еўрапейскіх справах і рэгіянальных сувязях Бэатэ Мерк.

Устаноўка 45-гадовай ёлкі вагой у 7,2 тоны пачалася на плошчы св. Пятра 6 снежня. Пасля дэмантажу, яе драўніна будзе выкарыстана для вытворчасці дробных бытавых прадметаў і цацак.

Апрача таго, на ватыканскай плошчы працягваецца ўзвядзенне святочных ясляў. Сёлета яны будуць выкананы ў неапалітанскім стылі. Іх адкрыццё адбудзецца напярэдадні Божага Нараджэння.







All the contents on this site are copyrighted ©.