2013-12-06 13:00:27

Святы Айцец выслухаў першую адвэнтавую медытацыю


RealAudioMP3 “Св. Францішак і рэформа Касцёла шляхам святасці”, - такой была тэма першай адвэнтавай медытацыі, якую прапаведнік Папскага Дома капуцын Раньера Канталамеса прапанаваў Святому Айцу і яго супрацоўнікам раніцай 6 снежня 2013 г. Звяртаючыся да сабраных у капліцы “Redemptoris Mater” Апостальскага палацу законнік падкрэсліў, што сапраўдныя рэфарматары адмаўляюцца ад уласных інтэрэсаў і жывуць цалкам для Пана. Айцец Канталамеса адзначыў, што для разумення св. Францішка неабходна паглядзець на яго навяртанне: святы выбраў не беднасць, але бедных. Але гэта яшчэ не ўсё: сапраўдны выбар нашмат больш радыкальны. “Гаворка не ідзе пра выбар паміж багаццем і беднасцю, багатымі і беднымі, прыналежнасцю да аднаго ці іншага класу, але пра выбар паміж сабой і Богам, паміж захаваннем уласнага жыцця ці стратай яго дзеля Евангелля”, - сказаў а. Канталамеса.

На думку прапаведніка, навяртанне св. Францішка насіла не сацыяльны, а евангельскі характар. Бедняк з Асізі не ішоў да бедных па ўласнай волі, але таму што яго вёў туды Бог; “быў закаханы не ў цноту беднасці, але ў асобу”. Капуцын падкрэсліў, што св. Францішак “злучыўся шлюбным саюзам” не з беднасцю ці беднымі, але з самім Хрыстом. Такой, на яго думку павінна быць хрысціянская святасць, бо інакш бедныя будуць “інструменталізавацца”, а беднасць можа стаць прычынай ганарлівасці для членаў Касцёла, “як, нажаль, адбываецца сёння сярод некаторых вучняў Бедняка”.

Айцец Канталамеса нагадаў, што ў сваёй рэгуле св. Францішак абавязваў братоў ісці за Евангеллем. Ён “здзейсніў рэформу ў самім сабе” і так указаў Касцёлу шлях выхада з крызісу: наблізіцца да Евангелля, людзей і асабліва да самых бедных.

Св. Францішак здзейніў у сваю эпоху тое, што ў часы ІІ Ватыканскага Сабору называлася “разбурэннем бастыёнаў”, падкрэсліў прапаведнік дадаўшы, што маецца на ўвазе разбурэнне ізаляванасці Касцёла і яго вяртання да кантакту з людзьмі.

Адной з прычын “зацямнення Евангелля” тады была трасфармацыя сэнсу ўлады – са служэння ў панаванне. Св. Францішак вырашыў гэту праблему евангельскім чынам. Ён зрабіў вялікае новаўвядзенне – вышэйшыя настаяцелі заснаванага ім ордэна сталі называцца слугамі і братамі. Такім чынам, на думку прапаведніка, для рэфармавання Касцёла, неабходна пачынаць з саміх сабе: калі хочам ісці за Езусам і жыць для Яго, павінны адмовіцца ад саміх сябе, лічыць а. Раньера Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.