2013-12-06 14:19:39

Пантыфік: місія тэолагаў захапляючая і рызыкоўная


RealAudioMP3 Тэолагі – гэта “піянеры” дыялога паміж Касцёлам і культурамі; дыялога, які адначасова з’яўляецца крытычным і дорбазычлівым, які спрыяе прыняццю Божага слова людзьмі ўсіх “нацый, расаў, народаў і моваў”, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі 6 снежня 2013 г. Святы Айцец падкрэсліў што місія тэолагаў з’яўляецца “захапляючай” і “рызыкоўнай”. Захапляючай – таму што тэалагічныя даследванні і навучанне могуць стаць сапраўднай дарогай да святасці, а рызыкоўнай - таму, што ставіць перад абліччам спакусаў сардэчнай сухасці, пыхі і амбіцыёзнасці. Святы Айцец указаў на важнасць шэрагу актуальных тэм. Па-першае, адносін паміж монатэістычнымі рэлігіямі і насіллем. “Бог не з’яўляецца пагрозай для чалавека!”, - сцвердзіў Пантыфік і дадаў, што “вера ў тройчы святога Бога ніколі не можа быць прычынай насілля ці нецярпімасці”, а гэта ў сваю чаргу з’яўляецца “Добрай Навіной для ўсіх людзей”.


Францішак падкрэсліў, што рацыянальны характар веры з’ўляецца аб’ядноўваючым фактарам для ўсіх людзей добрай волі. Божае Адкрыццё, у сваю чаргу, паказала, што насілле “ў імя Бога” немагчыма – Езус перамог зло менавіта адмаўленнем ад насілля, праліўшы ўласную кроў на крыжы і такім чынам прымірыў людзей з Богам і паміж сабой.

Святы Айцец таксама звярнуў увагу на важнасць разважання над сацыяльным навучаннем Касцёла. Братэрскія адносіны паміж вернікамі, выкананне ўлады ў якасці служэня, увага да бедных: усе гэтыя рысы, якія характарызуюць Касцёл ад самага яго пачатку, могуць і павінны станавіцца жывой і прывабліваючай мадэллю для розных чалавечых супольнасцяў, ад сям’і да грамадства, сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што важным заданнем тэолагаў з’яўляецца распазнанне таго, што адпавядае апостальскай веры і духу Евангелля ад таго, што не адпавядае. “Гэта ўвага мае максімальную важнасць для тэолагаў”, - падкрэсліў Францішак і заклікаў углядацца ў веру самых малых і пакорных, тых каму Айцец адкрывае закрытае ад “мудрых і разумных”.








All the contents on this site are copyrighted ©.