Папа Францішак вырашыў
заснаваць спецыяльную Камісію па абароне дзяцей, з мэтай перадаць ёй абавязак клопату
з боку Апостальскай Сталіцы па ахове непаўналетніх і душпастырскай увазе да ахвяраў
злоўжыванняў. Пра гэта паведаміў 5 снежня 2013 г. арцыбіскуп Бостанскі, кардынал Шон
Патрык О’Мэлі, падчас сустрэчы з журналітамі, прымеркаванай да заканчэння другога
пасяджэння Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам.
Іерарх, які ўваходзіць у яе склад, падкрэсліў, што Францішак прыняў рашэнне аб заснаванні
новай структуры “працягваючы лінію, узятую Бэнэдыктам XVI” і абапіраючыся на прапанову
Рады кардыналаў. Кампетэнцыі новай структуры будуць акрэслены пазней спецыяльным дакументам
Святога Айца, паведаміў кардынал О’Мэлі. Яе дзейнасць будзе заключацца ў кантролі
за рэалізацый праграм па абароне дзяцей, фармуліроўцы прапаноў для новых ініцыятыў
Рымскай курыі ў супрацоўніцтве з біскупамі, епіскапатамі, вышэйшымі настаяцелямі і
Канферэнцыямі вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў.
Акрамя таго, Камісія
па абароне дзяцей будзе займацца распрацоўкай накірункаў дзейнасці ў сферы абароны
непаўналетніх, развіцці і пашырэнні нормаў, працэдур і стратэгій з мэтай прадухілення
магчымых злоўжыванняў; распрацоўкай выхаваўчых праграм для дзяцей, бацькоў, семінарыстаў,
святароў катэхетаў і ўсіх, хто працуе з непаўналетнімі. Камісія будзе супрацоўнічаць
з грамадзянскімі ўладамі і займацца сувяззю са святарамі, абвінавачанымі ў злоўжываннях,
супрацоўнічаць з экспертамі ў розных навуках і сферах сацыяльнай дзейнасці, з мэтай
прафілактыкі злачынстваў, а таксама адказваць за душпастырскі клопат пра ахвяр злоўжыванняў.