2013-12-05 10:41:38

Кардынал Рылка: евангелізацыя інтэрнэт-прасторы – заданне свецкіх вернікаў


RealAudioMP3 “Абвяшчаць Хрыста ў лічбавую эпоху”, - так гучыць тэма пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах свецкіх, якое праходзіць 5-7 снежня 2013 г. у Ватыкане. Удзельнікі форума засяродзяцца над выклікамі і перспектывамі абвяшчэння Евангелля ў віртуальнай прасторы. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё старшыня Папскай рады, кардынал Станіслаў Рылка, заўважыў, што “лічбавая культура” адкрывае новыя магчымасці для пабудовы больш братэрскага і салідарнага свету, але адначасова нясе небяспеку ў выглядзе той жа залежнасці ад інтэрнэту, за-за якой вялікая колькасць людзей адчувае сябе лепш у віртуальным свеце, чым у рэальным, а “сябры” з сацыяльных сетак для многіх замяняюць сапраўдных сяброў. Выклікам з’яўляецца таксама распаўсюджванне праз інтэрнэт дэструктыўнага кантэнту, напрыклад парнаграфіі ці матэрыялаў, якія ўтрымліваюць сцэны насілля.

Ад усіх гэтых выклікаў хрысціяне не могуць баязліва ўцякаць, лічыць кардынал Рылка. Ён падкрэсліў, што вызнаўцы Хрыста павінны быць прысутнымі ў свеце, не губляючы сваёй хрысціянскай тоеснасці. І тут камунікацыйныя тэхналогіі з’яўляюцца для Касцёла вялікім выклікам, на які неабходна адказаць. Лічбавая культура, паводле іерарха, з’яўляецца “місійнай тэрыторыяй”, якую трэба евангелізаваць. Адказнасць за гэта ляжыць менавіта на свецкіх верніках, у першую чаргу моладзі, для якіх інтэрнэт з’яўляецца “натуральным” асяроддзем, дзе яны прабываюць штодзённа, заўважыў ватыканскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.