2013-12-04 11:16:27

Цела кожнага з нас з’яўляецца рэхам вечнасці


RealAudioMP3 “Калі Езус уваскрос, і мы таксама ўваскрэснем”, - з такімі словамі папа Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў агульнай аўдыенцыі, якая прайшла на плошчы св. Пятра 4 снежня 2013 г. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў уваскрасенню цела – “няпростай праўдзе”, якую дапамагае зразумець Святое Пісанне. Пантыфік нагадаў, што ўспамін пра ўваскрашэнне памерлых утрымліваецца ўжо на старонках Старога Запавету, дзе прарок Эзэхіэль сузіраў вяртанне жыцця памерлым праз спасленне на іх ажыўляючага духа. “Гэта сузіранне ўяўляе сабой надзею на будучае “уваскрашэнне Ізраэля”, гэта значыць, на адраджэнне прыніжанага і пераможанага народа”, - сказаў Папа. Паводле Святога Айца, у Новым Запавеце Езус прыводзіць да спаўнення гэта аб’яўленне і звязвае веру ва ўваскрасенне са сваёй асобай, кажучы: “Я уваскрасенне і жыццё”. Пан Езус уваскрасіць у апошні дзень тых, хто верылі ў Яго, адзначыў Францішак і падкрэсліў, што чаканне гэтага моманту з’яўляецца крыніцай надзеі, якая, “калі ўмацоўваецца і ахоўваецца, становіцца святлом для асвятлення нашай асабістай і супольнай гісторыі”.

“Будзем заўсёды памятаць: мы вучні Таго, Які прыйшоў, прыходзіць штодзённа і прыйдзе напрыканцы. Калі здолеем усвядоміць гэту рэчаіснасць, будзем менш стомленнымі штодзённасцю, будзем менш зняволеныя эфемерным і больш гатовыя крочыць з міласэрным сэрцам па дарозе збаўлення”, - сказаў Папа. На думку Францішка, уваскрасенне адбудзецца ў апошні дзень праз дзейнасць усемагутнага Бога, які вярне жыццё нашаму целу, паяднаўшы яго з душой, праз сілу ўваскрасення Езуса.

“Гэта трасфармацыя, гэта перамена нашага цела, павінна быць падрыхтавана ў гэтым жыцці праз сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Мы, якія ў гэтым жыцці насычаліся Яго Целам і Крывёй, уваскрэснем як Ён, з Ім і праз Яго. Як Езус уваскрос са сваім уласным целам, але не вярнуўся да зямнога жыцця, так і мы уваскрэснем з нашымі целамі, якія будуць пераменены ў целы хвалебныя”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ўжо ў гэтым жыцці мы ўдзельнічаем ва Уваскрасэнні Хрыста. “Сапраўды, праз Хрост, мы ўключаны ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і ўдзельнічаем у новым жыцці, Яго жыцці. Таму, чакаючы апошняга дня, мы маем унутры сябе семя ўваскрасення, як залог поўнага ўваскрасення, якое атрымаем у спадчыну. Таму, таксама і цела кожнага з нас з’яўляецца рэхам вечнасці, і такім чынам заўсёды павінна паважацца. І перш за ўсё павінна паважацца і быць любімым жыццё пакутуючых, таму што яны адчуваюць блізкасць Божага Валадарства, гэтага стану вечнага жыцця, да якога крочым”, - сказаў Папа.

Вітаючы сабраных на плошчы св. Пятра, Святы Айцец нагадаў, што 3 снежня ў Каталіцкім Касцёле адзначаўся ўспамін св. Францішка Ксаверыя, апекуна місій. “Гэты святы святар нагадвае нам пра абавязак кожнага абвяшчаць Евангелле”, - сказаў Папа і заклікаў моладзь быць адважнымі сведкамі сваёй веры, хворых – ахвяраваць цярпенні ў інтэнцыі навяртання далёкіх ад Евангелля, а маладых сужонкаў – абвяшчаць любоў Хрыста пачынаючы з уласнай сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.