2013-12-03 15:36:13

Рада кардыналаў пачала працу ў Ватыкане


RealAudioMP3 3 снежня 2013 г. ў Ватыкане пачалася другая сустрэча Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і вывучэнні праекту рэфармавання Рымскай курыі. У ёй прынялі удзел Папа, 8 пурпуратаў, поўны склад, а таксама сакратар гэтай, нядаўна створанай папам Францішкам структуры, біскуп Марчэла Сэмерара. Усе яны пасяліліся ў ватыканскім Доме св. Марты і сёння раніцай прынялі ўдзел у Эўхарыстыі з Пантыфікам, расказаў падчас сустрэчы з журналістамі кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Паводле святара, сустрэчы Рады кардыналаў будуць праходзіць да 5 снежня, з 9.00 да 12.30 ў першай палове дня і з 16.00 да 19.00 па рымскім часе ў другой. Пасля першага пасяджэння, 1-3 кастырычніка 2013 г., пурпураты працавалі над дакументамі, а таксама аналізавалі заўвагі і прапановы, у першую чаргу атрыманыя падчас кантактаў з епіскапатамі з розных куткоў планеты. Сённяшняе пасяджэнне пачалося з разгляду прапаноў рэфармавання Рымскай курыі, якія паступалі падчас агульных кангрэгацый кардыналаў напярэдадні канклаву.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што гаворка ідзе не проста пра папраўкі ў дакумент “Pastor bonus”, які тычыцца працы і місіі Рымскай курыі, але пра стварэнне цалкам новай канстытуцыі на гэту тэму.

Удзельнікі Рады кардыналаў размеркавалі паміж сабой розныя тэмы для вывучэння, паводле кампетэнцыі і досведу кожнага. Няглядзячы на гэта, яны цалкам усведамляюць супольную адказнасць, падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Метад працы, выбраны пурпуратамі, заключаецца ў пачарговым разглядзе дзейнасці кожнай з ватыканскіх дыкастэрыі. Першай была абмеркавана сітуацыя Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Кс. Ламбардзі паведаміў, што ў бліжэйшыя дні члены Рады кардыналаў плануюць сустрэцца з новым Дзяржсакратаром, арцыбіскупам Пьетра Паралінам, каб прывітаць яго і павіншаваць з прызначэннем. Адначасова святар адзначыў, што не прадугледжаны сустрэчы пурпуратаў з ватыканскімі структурамі, адказнымі за эканамічныя пытанні Апостальскай Сталіцы. Яны, хутчэй за ўсё адбудуцца ў рамках наступнага пасяджэння Рады кардыналаў 17-18 лютага 2014 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.