2013-12-02 12:17:40

Святы Айцец падзяліўся, якім павінен быць Адвэнт


RealAudioMP3 Да падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння з малітвай, міласэрнасцю і адкрытым сэрцам, заклікаў Святы Айцец 2 снежня 2013 г. падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. Папа нагадаў, што ў дні Адвэнту мы пачынаем новае падарожжа на сустрэчу з Панам. І менавіта ў гэтым сэнс Божага Нараджэння. Калі адбываецца сустрэча з Хрыстом, Ён уносіць новае ў наша сэрца, душу, жыццё. Гэта спатканне ніколі не адбудзецца, калі наша сэрца не будзе адкрытым на яго, падкрэсліў Пантыфік. Ён дадаў, што для Хрыста мы не шэрая маса, “Ён глядзіць кожнаму ў твар, у вочы, бо Яго любоў – гэта не нешта абстрактнае, гэта любоў канкрэтная”. Папа Францішак заклікаў вернікаў “даць Пану магчымасць любіць сябе”. Святы Айцец прапанаваў рэцэпт добрай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Паводле яго, падчас Адвэнту трэба прысвячаць больш часу на малітву – яна павінна быць настойлівай – трэба развівацца ў братэрскай любові, наблізіцца да тых, хто ў гэтым мае патрэбу, больш радавацца, праслаўляючы Пана. “Малітва, дабрачыннасць і хвала”, з адкрытым сэрцам на сустрэчу з Хрыстом, падсумаваў Папа свае адвэнтавыя парады.







All the contents on this site are copyrighted ©.