2013-12-02 13:20:45

Папа расказаў пра сваё бачанне ролі Касцёла ў Нідэрландах


RealAudioMP3 Пантыфік прыняў 2 снежня 2013 г. галандскіх іерархаў, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. Ён нагадаў, што Касцёл павінен рэагаваць на праблемы людзей, “якія адчуваюць трывогу і роспач перад будучыняй” і заклікаў галандскіх біскупаў, каб разам са сваімі святарамі суправаджалі людзей, “якія пакутуюць ад духоўнай пустаты і шукаюць сэнс жыцця”, і “дзяліліся з імі надзеяй, радасцю, здольнасцю працягваць ісці”. Касцёл, падкрэсліў Папа, “не толькі прапануе нязменныя маральныя праўды”, але дае іх “як ключ да чалавечага дабра і сацыяльнага развіцця”. Таму “выхаванне сумлення”, паводле яго, становіцца ў наш час прыярытэтам. Папа “настойліва рэкамендаваў” біскупам рэагаваць на гэту патрэбу і далучыць да гэтых намаганняў свецкіх вернікаў. Францішак лічыць, што Касцёл у Галандыі павінен “прысутнічаць у публічных дэбатах, ва ўсіх сферах, звязаных з чалавекам”, “па найважнейшых сацыяльных пытаннях, напрыклад, сям’я, сужэнства, заканчэнне жыцця”.

Пантыфік запрасіў каталіцкую супольнасць у Нідэрландах не забывацца пра маладых хрысціян, якія павінны мець магчымасць “якаснай катэхізацыі”, якая падтрымае іх веру і прывядзе да Хрыста. Ён запэўніў у сваёй малітве за кожную з ахвяр сексуальнага насілля і іх сем’і і заклікаў біскупаў працягваць падтрымліваць іх. Пантыфік папрасіў не забывацца, што будучыня і жыццяздольнасць Касцёла ў Нідэрландах залежыць ад наяўнасці святарскіх і манаскіх пакліканняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.