2013-12-02 12:34:28

Беларусь: Рух “Пралайф” і хрысціянскія канфесіі разам за абарону жыцця


RealAudioMP3 5 снежня ў беларускім парламенце, паводле інфармацыі руха “Пралайф Беларусь”, будзе разгледжана новая рэдакцыя Закона “Аб ахове здароўя”. У сувязі з гэтым актывістамі зноў была зроблена заява аб неабходнасці абараняць права на жыццё і чалавечую годнасць. Яшчэ на стадыі распрацоўкі законапраекту год таму прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы прынялі рэзалюцыю аб унясенні паправак ў гэты дакумент: аб недапушчальнасці сурагатнага мацярынства, рэпрадуктыўных тэхналогій, якія супярэчаць хрысціянскім каштоўнасцям, аб абароне жыцця з моманту зачацця да моманту натуральнай смерці, аб правах медыкаў адмовіцца праводзіць аборт.

Менавіта аборты – адно з самых балючых пытанняў. Сёння ў краіне забіваецца кожнае трэцяе ненароджанае дзяця. Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці абортаў. У студзені 2013 г., таксама па ініцыятыве дзьвух Цэркваў, з 10 да 2 пунктаў былі скарочаны сацыяльныя паказанні для правядзення аборту на тэрміне да 22 тыдняў цяжарнасці. Гэта важны крок у напрамку абмежавання абортаў, але не зусім эфектыўны.

Абсалютная большасць абортаў робіцца на тэрміне да 12 тыдняў. З 20-х г.г. папярэдняга стагоддзя, калі былі легалізаваны аборты, перапыненне цяжарнасці стала для грамадства амаль нормай, адзначыў кс. Станіслаў Вашкевіч, душпастыр сем’яў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Напрыклад, прыходзіць жанчына да гінеколага, а ён кажа, што яна цяжарная, але яшчэ не чалавекам. А калі праз 20 тыдняў прыходзіць, ён віншуе – ужо чалавекам. Гэта смех, калі мы чуем такое. Наша грамадства яшчэ трымаецца такой ідэалогіі, што аборт – не грэх. Усё з-за таго, што насельніцтва не мае інфармацыі. Мы кажам пра аборт, але не кажам пра наступствы, мы прымаем метад ЭКА, але не кажам, колькі дзяцей там гіне. Праблема кантрацэпцыі таксама. Нават медыкі прызнаюць, што кантрацэпцыя таксама пазбаўляе жанчыну магчымасці ў будучыні нарадзіць дзіця”, - сказаў святар.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае ўдзел на ўсіх этапах працы з жанчынамі, якія вырашылі пазбавіцца ад дзіцяці. У першую чаргу псіхолагі, валанцёры і святары расказваюць аб медыцынскіх і духоўных наступствах абортаў. А таксама спрабуюць усвядоміць сапраўдныя прычыны гэтага кроку. Недахоп матэрыяльных сродкаў, перапыненне кар’еры – часцей адгаворкі, якімі прыкрываюцца жанчыны. На самой справе, у 90 працэнтах выпадкаў на аборт штурхаюць самыя родныя людзі – у тым ліку муж ці бацька дзіця, падкрэсліў кс. Станіслаў Вашкевіч. “Мужчыны ў гэтым таксама ўдзельнічаюць. Беларускае грамадства прызвычаілася абвінавачваць толькі жанчын. На маю думку, у большасці выпадкаў менавіта мужчыны павінны несці адказнасць за аборт – чын, які не толькі маральна не дапушчальны, бо пазбаўляе жыцця, але і ў далейшым забірае магчымасць мець дзіця”, - адзначыў душпастыр.

Кс. Станіславу, душпастыру сем’яў, часта прыходзіцца размаўляць з жанчынамі, або сем’ямі, у якіх быў вопыт аборта. І менавіта святары сутыкаюцца першымі з так званым постабортным сіндромам, які не пакідае жанчыну на працягу ўсяго жыцця, накладвае адбітак на наступных дзяцей, адносінах з мужам і ў нейкіх выпадках з’яляецца ўвогуле прычынай распаду сям’і. Адна справа, калі сем’і прызнаюць гэты сумны вопыт, іншая – калі і казаць аб гэтым не хочуць, падзяліўся святар. “Людзі шукаюць адказы на пытанні, ратуюць сябе і свае сем’і, каючыся перад Богам за гэты ўчынак. Але ёсць тыя, хто зусім не кажа, бо ёсць нейкае такое “табу” – не казаць аб абортах. А мы, святары, калі наведваем сем’і, закранаем гэтае пытанне, калі бачым, што штосьці не так у сям’і. Адкрыта гэта не вынікае, але мы бачым па рэакцыі гэтых людзей. І мы спрабуем закрануць гэту тэму, каб чалавек спыніўся і задумаўся, каб у будучым дапамог сабе і сваёй сям’і”, - прызнаўся ён.

Законапраект доўгі час “пыліўся на паліцы”, калі ён будзе разгледжаны ў бліжэйшы час, магчыма, і стане вядома, да якіх з прапанаваных хрысціянскімі супольнасцямі пунктаў прыслухаюцца заканадаўцы. Прадстаўнікі рэлігійных і грамадскіх арганізацый спадзяюцца, што ўсё ж сумныя лічбы статыстыкі і вопыт паўплывае як на змены ў заканадаўстве, так і на паступовы пералом у грамадскім мысленні, наступствы якіх – дэмаграфічныя і духоўныя – ужо пажынае не адно пакаленне.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.