2013-12-01 11:12:21

Беларусь: хрысціянскія супольнасці ініцыявалі стварэнне прытулку для адзінокіх маці


RealAudioMP3 У Мінску, пры падтрымцы хрысціянскіх супольнасцяў, адчыніў свае дзверы сацыяльны цэнтр “Шчаслівае дзіця”. Маладыя, адзінокія маці, цяжарныя жанчыны або сем’і, якія апынуліся ў цяжкім становішчы – вось тыя, каму тут дапамагаюць. Увогуле цэнтр – унікальны па сваёй прыродзе, тут аб’ядналі свае намаганні дзяржаўныя і недзяржаўныя ўстановы, спецыялісты рознага роду і валанцёры, а таксама прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій. Менавіта апошнім і належыць ідэя стварэння такой формы дапамогі, яна прагучала калісьці і зараз увасоблена ў жыццё.

Ірына Шмак, кансультант па сямейных пытаннях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая і стала кіраўніком Цэнтра “Шчаслівае дзіця”, сказала ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што хрысціянскія супольнасці прымаюць актыўны ўдзел – ад пачатку і на ўсіх этапах – у дапамозе тым, хто ў гэтым мае патрэбу. “Яны прымаюць вельмі актыўны ўдзел – яны першыя бачаць гэтых цяжарных жанчын, якія знаходзяцца ў крызісе і не ведаюць, якое рашэнне прыняць. У жаночых кансультацыях яны адгаворваюць іх і могуць прапанаваць месца ў нас. Мы вельмі рады супрацоўнічаць з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у тым, каб прапанаваць іншы выхад у цяжкіх сітуацыях. Мы вельмі рады супрацоўнічаць з валанцёрскімі хрысціянскімі арганізацыямі, а таксама з праваслаўным Цэнтрам “Матуля”. Гэта супольная наша ідэя – абароны жыцця, абороны жанчыны і дзіця”, - сказала яна.

Кожная сям’я перажывае цяжкія моманты, кажуць супрацоўнікі Цэнтра, але не кожная можа справіцца з цяжкасцямі самастойна. У праекце ўжо 65 сямей. Галоўнае – сваечасова працягнуць руку дапамогі. Адзін з пунктаў такой дапамогі – прадастаўленне кароткатэрміновага месца для пражывання маладым мамам, інакш кажучы – кватэры, дзе жанчыны могуць жыць нейкі час. Зараз там знаходзяцца чатыры жанчыны. Трое з дзецьмі. Адна цяжарная – пасля інтэрнату (яна сірата) ёй не было дзе жыць, а бацька дзіцяці адмовіўся рэгістраваць шлюб. Класічны сюжэт, які можа развівацца па розных сцэнарыях. Задача Цэнтра – перапыніць чорную паласу ў жыцці. У гэтым выпадку ўсё будзе добра – праз некалькі месяцаў жанчына атрымае сваё жыллё, паведамала Ірына Шмак. “Шмат жанчын, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, калі ім некуды ісці. А яны яшчэ і не адны: або цяжарныя, або ўжо з дзіцём на руках. Блізкія ад іх адмовіліся, або не маюць мужа. І таму ёсць неабходнасць існавання такога месца, дзе яны маглі б звыкнуцца з роллю маці, навучыцца быць добрай маці, а таксама за гэты час вырашыць пытанні, дзе будуць працаваць, вучыцца, або атрымаць сваю кватэру”, - паведаміла дырэктар цэнтра.

Асноўная колькасць тых, хто звяртаецца за дапамогай – адзінокія маці, Цэнтр арыентаваны і на працу з тымі, хто жадаў пазбавіцца ад ненароджанага дзіця, але потым змяніў рашэнне. З жанчынамі размаўляюць псіхолагі, кансультуюць спецыялісты, якія дапамагаюць вырашыць сацыяльныя і юрыдычныя пытанні. Вітаміны, неабходныя для падтрымкі здароўя, падгузнікі для немаўлят – фінансавыя затраты бяруць на сябе спонсары. Сустрэчы, клубы па інтарэсах для шматдзетных маці, педагагічныя трэнінгі з абодвума бацькамі – дапамога не абмежавана адным днём, спецыялісты суправаджаюць сем’і на працягу доўгага часу.

“Да нас накіроўваюць адміністрацыі раёнаў, з дзяцячых садкоў, школ, таксама тэрытарыяльныя центры абслуговання насельніцтва – яны першыя бачаць сем’і, якія аказваюцца ў цяжкім становішчы. Не ўсе сем’і мы прымаем у праект, а менавіта тыя, хто патрабуе дапамогі. Сям’я павінна знаходзіцца ў праекце 6 месяцаў і за гэты час атрымоўвае ўвесь пакет дапамогі. Інфармацыя аб Цэнтры знаходзіцца таксама ў каталіцкіх і праваслаўных храмах, працуе так званае “сарафаннае радыё” – адна знаёмая расказала другой. Чым больш аб нас ведаюць, тым больш да нас звяртаюцца”, - сказала Ірына Шмак.

Відавочна, тых, кто патрабуе дапамогі, яшчэ шмат. Праект “Шчаслівае дзіця” разлічаны на тры гады, але, калі ён сябе апраўдае, павінен працягвацца і далей – на гэта спадзяюцца супрацоўнікі. Бо і за гэты кароткі час працы ўжо ёсць добрыя вынікі – выратаванае жыццё і захаваныя сем’і.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.