Біскуп-намінант Буткевіч: я даверыўся Папе, адказваючы на яго прапанову (інтэрв’ю)
29 лістапада 2013
г. стала вядома аб рашэнні папы Францішка прызначыць новага Біскупа Віцебскага. Ім
стаў 41-гадовы святар Алег Буткевіч, для якога Віцебская дыяцэзія – родная, на яе
тэрыторыі ён нарадзіўся і рос, тут ён працаваў як душпастыр. Без сумневу, пачынаецца
новы этап для гэтай часткі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, хоць выклікі застаюцца
“старымі”. Прызначэнне адбылося толькі ўчора і яшчэ не спаў узровень эмоцый, выкліканых
рашэннем Святога Айца, але біскуп-намінант Алег Буткевіч ужо заявіў у інтэрв’ю Беларускай
рэдакцыі Ватыканскага радыё, што зоймецца арганізацыяй працы курыі і персанальнымі
пытаннямі ў дыяцэзіі. Мы сустрэліся з Яго Эксцэленцыяй і паразмаўлялі падрабязна аб
яго бачанні біскупскай службы.
Эксцэленцыя я віншую Вас і адразу, што
называецца “пытанне ў чола”, Вы калі-небудзь маглі ўявіць
сабе, што станеце біскупам?
У маім жыцці быў такі час, калі на адзін успамін
пра святарства ў мяне ўзнікала ўсмешка, бо я не ўяўляў сябе нават святаром. Але Бог
такім чынам пакіраваў, што пакліканне, якое з’яўляецца Яго дарам, дзесці ў душы прарасло,
вынікам чаго стала маё святарства. Час святарскага служэння быў для мяне перыядам
напружанай і інтэнсіўнай працы ва ўмовах Усходняй Беларусі, працы па адбудове той
базы Касцёла, якая была знішчана. Таму, проста не было часу на нейкія іншыя думкі,
у тым ліку пра рэалізацыю на вышэйшых пасадах, іх проста не ўзнікала. І на такую думку
я б адрэагаваў таксама ўсмешкай. Так адбылося б, скажам, некалькі месяцаў таму...
З
якімі пачуццямі Вы сустрэлі навіну аб прызначэнні?
Гэта прапанова – скажу,
як гэта было на самой справе – выклікала ў мяне шок. Гэта проста быў шок... і ўражанне.
Першай рэакцыяй было “не”, бо я не адпавядаю гэтай пасадзе, не маю да гэтага адпаведнай
падрыхтоўкі. Мне спатрэбілася даволі шмат часу, каб з гэтай думкай асвоіцца, не ведаю,
ці гэта адбылося да канца нават цяпер.
Як можна разумець такое прызначэнне,
як прыступку ў кар’ерыці гэта нешта іншае?
Знешне
гэта, канешне, можа выглядаць як прыступка. Хтосьці можа сказаць: вось чалавек асягнуў
для сябе нешта вышэйшае. Але я ўспрымаю гэта перш за ўсё, як служэнне і не бачу ў
гэтым нават нейкага прывілею, хоць напэўна гэта прысутнічае і адпавядае гэтай пасадзе,
не бачу у гэтым нейкай узнагароды. Успрымаю гэта ўсё, прынамсі ў дадзены момант, як
вялікую адказнасць, як цяжар той працы, які павялічыўся ў некалькі разоў. Гэта, кажучы
духоўнай тэрміналогіяй, крыж.
Якім быў Ваш шлях да Бога і да Касцёла?
Мне
пашчасціла нарадзіцца ў каталіцкай веруючай сям’і. Хоць, вядома, гэта былі 1970-я
гады, час, калі нельга было адкрыта вызнаваць сваю веру. Тут трэба аддаць належнае
маім бацькам, што нягледзячы на гэтыя цяжкасці, сваім дзецям, а нас было трое ў сям’і,
змаглі прывіць веру. Было нялёгка. Я памятаю тыя праблемы, якія ўзнікалі і ў маім
сэрцы, і ў маёй душы. Але, тым не менш, гэты шлях праз выпрабаванні, хоць, магчыма,
яны і не былі настолькі трагічнымі (не магу сказаць, што адчуваў нейкі пераслед пад
сваім адрасам), не быў такім лёгкім. Гэта быў шлях да Бога і Касцёла, які працягваецца
ўсё жыццё. Нават на сённяшні момант я не магу сказаць, што ўжо ў поўні гэты шлях прайшоў.
Але я ўдзячны Богу, за тое, што ён мяне правёў менавіта такім шляхам.
Ёсць
у Вас ідэал, на які хацелася б быць падобным у жыцці і раўняцца ў працы?
Калі
пад ідэалам разумець асобу, якую можна было б наследаваць да канца, на 100 працэнтаў,
яе ў маім жыцці няма. Проста таму, што гэта не магчыма. Але ёсць людзі, які з’яўляюцца
для мяне прыкладам адданага служэння, малітвы, духоўнага жыцця. У першую чаргу я хачу
тут назваць сваіх бацькоў, якія далі мне прыклад веры.
Ваша біскупскае
служэнне распачынаецца і будзе праходзіцьпадчас пантыфікату Францішка
– Папы, якога ўжо назвалі адным з самых уплывовых людзей свету, Пантыфіка, які практычна
вершыць гісторыю? Якія з ідэй або заклікаў Святога Айца Вам бліжэй за ўсё?
Калі
б можна было акрэсліць гэта адным выразам, то гэта імкненне Папы ва ўсім багацці хрысціянскай
традыцыі знайсці жывога Хрыста. Гэта прываблівае асабіста мяне ў падыходзе Святога
Айца да Касцёла і яго месца ў сучасным свеце. З цягам часу за тымі, вядома, патрэбнымі
формамі выразу веры паняцце жывога Бога, Які б мог мець уплыў на жыццё чалавека, было
згублена. Гэта бачна сёння ў свеце. А сучасны чалавек шукае Бога, і асоба Святога
Айца, яго падыход, духоўнасць, усё гэта адпавядае патрабаванням сучаснага свету: пошук
жывога Хрыста, дапамога чалавеку прыйсці да Яго, жыць з Ім, спрабаваць падпарадкаваць
Яго апецы, міласэрнасці сваё жыццё. Гэта тое заданне, якое стаіць сёння перад Касцёлам.
І Папа вельмі добра яго выконвае.
Нават, калі паглядзець на мой уласны прыклад.
Я ніколі не спадзяваўся, што ў маім выпадку адбудзецца такі выбар – выбар біскупа,
які не мае нават вышэйшай касцёльнай адукацыі. Папа робіць стаўку не на чалавечыя
магчымасці, людскія здольнасці, ён разлічвае на моц Божую, на сілу жывога Хрыста,
Які сёння дзейнічае ў Касцёле. Папа дае магчымасць паказаць гэтую дзейнасць. Я даверыўся
гэтаму, і, адказваючы на прапанову Святога Айца, проста веру ў тое, што Бог будзе
здольны праз слабога чалавека здзейсніць сваю волю ў сучасным свеце.
Якія
праблемы сёння стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у глабальным і лакальным маштабах,
у свеце і ў Беларусі?
Гэта акрэсліваецца двума паняццямі – секулярызацыя
і рэлятывізм. Такія модныя два словы, якія азначаюць ні што іншае, як адыход ад Бога:
ад Бога Бібліі, ад Бога Створцы, і пошук для сябе іншых багоў. Вяртанне да язычніцтва
– гэта вялікая праблема для Касцёла. І другі момант – чалавек сёння не трымаецца прынцыпаў,
якія заклаў Бог у чалавечую прыроду. Адкідваючы Бога Створцу, чалавек часта сам становіцца
на Яго месца, а сваё жыццё падпарадкоўвае тым прынцыпам, якія яму больш адпавядаюць.
І гэта небяспечна, бо чалавек не з’яўляецца аўтарам гэтага свету, творцам яго законаў,
якія дзейнічаюць незалежна ад адносін чалавека да іх. Таму для нас адзіны паратунак
у вяртанні да праўды. Так, як гаварыў аб гэтым сам Хрыстус: “Шукайце праўды, і праўда
вас вызваліць”. Менавіта праўда дазволіць нам стаць свабоднымі, а праз гэта проста
шчаслівымі людзьмі.
Якія пытанні неабходна вырашыць у Віцебскай дыяцэзіі
ў першую чаргу?
Гэта ў першую чаргу пытанні персанальнага характару і фарміраванне
таго кіраўнічага органу, якім з’яўляецца дыяцэзіяльная курыя. Гэта тое, без чаго нельга
пазней праводзіць душпастырскую працу. Таму, я лічу гэта маім першапачатковым заданнем.
Якім
на Ваш погляд павінен быць біскуп?
Біскупскае служэнне – гэта працяг служэння
святарскага. Святар – гэта айцец, гэта той чалавек, які павінен як мага поўна адкрываць
у сабе айцоўства самаго Бога – быць тым, хто ў сваёй асобе прадстаўляе любоў, міласэрнасць
нябеснага Айца.
Ці змяняецца чалавек, атрымаўшы біскупскае пасвячэнне?
Напэўна
тое, што здараецца з чалавекам у жыцці тым ці іншым чынам уплывае на яго характар,
прычыняецца да перамены. Іншае пытанне, у які бок? Кожная сітуацыя стварае крытычныя
ўмовы, у якіх правяраецца тое, што чалавек ужо мае ў сабе. Таму, як яно будзе выглядаць
у маім выпадку, пакажа час. Але спадзяюся, што гэта служэнне не зменіць мяне, майго
характару, маёй асобы ў горшы бок. Туму ўсіх вернікаў, людзей добрай волі прашу аб
малітве ў гэтай інтэнцыі.